У Беларусь ідзе антыцыклон Gerhard
У Беларусь набліжаецца антыцыклон Gerhard, які прынясе пераважна сухое надвор’е. Пры гэтым у канцы кастрычніка і ў першыя дні лістапада сярэдняя тэмпература паветра будзе прыкметна вышэйшай за кліматычную норму. Пра гэта паведамілі ў Белгідрамеце.
Здымак ілюстрацыйны. Фота са старонкі Дзяніса Блішча
У пачатку кастрычніка сярэднясутачная тэмпература ў Беларусі перавышала норму на 1—8 °C, а ў апошнія дні розніца скарацілася да 1—3 °C праз памяншэнне працягласці светлавога дня.
Апошнія выхадныя і пачатак тыдня суправаджаліся дажджамі, аднак з прыходам антыцыклону колькасць ападкаў зменшыцца. Невялікія і ўмераныя дажджы магчымыя толькі ў асобных раёнах.
Праз вільготнае паветра і слабую атмасферную цыркуляцыю ўначы і раніцай месцамі будуць утварацца туманы. Сіноптыкі заклікаюць кіроўцаў быць асабліва ўважлівымі, улічваць пагаршэнне бачнасці, захоўваць дыстанцыю і прытрымлівацца хуткаснага рэжыму.
Уначы тэмпература паветра на працягу тыдня будзе вагацца ад +1 да +9 °C, а пры праясненнях можа апускацца да −1 °C. Удзень чакаецца ад +5 да +14 °C.
У аўторак, 27 кастрычніка, уначы ў цэнтральных раёнах яшчэ будуць ісці дажджы, месцамі магчымы туман. Тэмпература складзе ад +3 да +9 °C, а на захадзе краіны — ад −1 да +2 °C. Удзень паветра прагрэецца да +8…+14 °C.
У сераду кароткачасовыя ападкі магчымыя толькі ўдзень у асобных раёнах паўднёвага ўсходу. Уначы будзе ад 0 да +7 °C, удзень — ад +7 да +13 °C.
У чацвер і пятніцу, 29 і 30 кастрычніка, у некаторых раёнах краіны таксама магчымыя кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай месцамі чакаецца туман. Начная тэмпература складзе ад +1 да +7 °C, дзённая — ад +7 да +13 °C.
Кароткачасовыя лакальныя дажджы не выключаныя і ў найбліжэйшыя выхадныя. У ноч на 31 кастрычніка тэмпература будзе вагацца ад 0 да +7 °C, а ўдзень — ад +6 да +12 °C.
У першы дзень лістапада, асабліва ўначы і раніцай, месцамі магчымыя слабы туман і галалёдзіца. Тэмпература ўначы складзе ад −1 да +4 °C, у асобных раёнах — да +6 °C. Удзень чакаецца ад +5 да +11 °C.
На пачатку лістапада, з 2‑га па 9-га, уплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску пачне слабнуць. Адпаведна, паменшыцца і адхіленне тэмпературы ад кліматычнай нормы. Паводле разлікаў Еўрапейскага цэнтра сярэднетэрміновых прагнозаў надвор’я (ECMWF), сярэдняя тэмпература ў гэты перыяд усё яшчэ будзе на 0,5—1,5 °C вышэйшай за норму.
Рэзкага пахаладання і арктычных уварванняў паветра пакуль не прагназуюць. Колькасць ападкаў чакаецца блізкай да звычайных для лістапада значэнняў. Праз Беларусь час ад часу будуць праходзіць атмасферныя франты, якія могуць прыносіць кароткачасовыя дажджы, але працяглых і моцных ападкаў не чакаецца.