80+. Чаму амерыканская палітыка старэе
ЗША часта называюць герантакратыяй — сістэмай кіравання, у якой улада засяроджана ў руках людзей, чый узрост значна перавышае ўзрост большай часткі насельніцтва краіны. Там багата палітыкаў, каму за 80 гадоў. Чаму так?
Хэл Роджэрс, фота: John Amis / AP
Мала хто з амерыканскіх палітыкаў застаецца на сваёй пасадзе так доўга, як Хэл Роджэрс, які на лістападаўскіх прамежкавых выбарах будзе балатавацца на свой 24‑ты тэрмін у Палаце прадстаўнікоў ЗША, пiша Бі-бі-сі.
88‑гадовы рэспубліканец рэпрэзэнтуе 5‑ы выбарчую акругу штата Кентукі з 1981 года, што робіць яго членам Палаты прадстаўнікоў з самым працяглым стажам працы.
Упершыню яго абралі ў той самы вечар, калі Рональд Рэйган атрымаў перамогу на сваіх першых прэзідэнцкіх выбарах з лозунгам «Зробім Амерыку зноў вялікай», які пазней узяў на ўзбраенне Дональд Трамп.
Сярод тых, каго Роджэрс абышоў у барацьбе за вылучэнне ў гэтым годзе, быў чалавек, які маладзейшы за яго на 60 гадоў.
Роджэрс, які нарадзіўся ў 1930‑х, далёка не адзіны амерыканскі палітык, які працягвае працаваць у такім вялікім узросце.
Сярод тых, хто размяняў дзявяты дзясятак — Дональд Трамп (80 гадоў), яго папярэднік на пасадзе прэзідэнта Джо Байдэн пакінуў сваю пасаду ў 82 гады і Нэнсі Пэлосі, якая пайшла з пасады лідара дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў у тыя ж 82 гады.
Чак Граслі застаецца сенатарам ад Аёвы і ў свае 93 гады. Ён прыйшоў у палітыку ў 1958 годзе — яшчэ да таго, як Аляска і Гаваі сталі штатамі ЗША.
Узрост і стан здароўя некаторых палітыкаў выклікаюць сур'ёзную заклапочанасць як у рэспубліканцаў, так і ў дэмакратаў. Яшчэ раз узнікае пытанне: ці не варта ўвесці ўзроставыя абмежаванні альбо абавязковыя медыцынскія агляды для дзяржаўных дзеячаў?
У ЗША адзін з самых нізкіх сярод развітых дэмакратычных краін паказчыкаў долі заканадаўцаў маладзейшых за 45 гадоў, паводле даных Inter-Parliamentary Union.
Чаму ж так мала маладых амерыканцаў становяцца палітыкамі? І ці могуць тыя, хто ўсё ж вырашае звязаць сваё жыццё з палітыкай, дасягнуць у ёй поспеху?
Маладым тут не месца?
27‑гадовы рэспубліканец Райлі Оўэн — адзін з нямногіх кандыдатаў ад пакалення зумераў, якія балатуюцца ў Кангрэс ЗША на выбарах 3 лістапада.
Оўэн вылучаецца ў нядаўна створанай выбарчай акрузе ў штаце Юта, які, па меркаваннях экспертаў, можа схіляцца да падтрымкі дэмакратаў. Ён выступае за такія меры, як аплачваны адпачынак па доглядзе дзіцяці, абмежаванне гандлю акцыямі для членаў Кангрэса і абарона навакольнага асяроддзя — пытанні, якія могуць знайсці водгук у прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі.
Калі яго зацвердзілі кандыдатам ад партыі ў 1‑й выбарчай акрузе штата, ён выйшаў на сцэну пад песню Білі Джоэла We Didn't Start the Fire («Не мы распачалі гэты агонь») і заявіў, што яго пакаленне павінна дапамагчы аднавіць амерыканскую мару.
Герантакратыя — «праблема, характэрная для абедзвюх партый», кажа Оўэн.
«У нас ёсць людзі, якія сталі прафесійнымі палітыкамі і праводзяць усё сваё жыццё ў Кангрэсе», — лічыць палітык.
Паводле яго слоў, гэта сведчыць пра тое, што сістэма не працуе на карысць амерыканскіх грамадзян. Оўэн адзначае, што адна з галоўных цяжкасцей, з якімі ён сутыкаецца, — што ў амерыканскай палітыцы грошы сапраўды вырашаюць усё.
Згодна з даследаваннямі, спонсары выбарчых кампаній, як правіла, аддаюць перавагу падтрымліваць тых, хто ўжо займае выбарчую пасаду.
Сапраўды, выбарчы штаб яго суперніка Бэна Макадамса — 51‑гадовага дэмакрата, які раней ужо працаваў у Кангрэсе, — на дадзены момант сабраў значна больш сродкаў, чым штаб Оўэна.
Паводле даных, апублікаваных на сайце Федэральнай выбарчай камісіі, да сярэдзіны кастрычніка Макадамс прыцягнуў больш за 2,6 млн даляраў, тады як Оўэн — 150 тысяч даляраў.
Оўэн сцвярджае, што яго пакаленне мае ўнікальныя магчымасці для разумення сучасных палітычных праблем — напрыклад, выклікаў, звязаных з развіццём тэхналогій.
Ён таксама аспрэчвае меркаванне аб тым, што маладому кандыдату абавязкова не хапае досведу: у яго рэзюмэ — служба ў арміі і праца аналітыкам у Белым доме.
«Я лічу, што ў палітыцы, як і ў бізнэсе, неабходныя так званыя прарыўныя інавацыі», — кажа ён.
Узрост вядучых амерыканскіх палітыкаў ужо даўно стаў прадметам абмеркаванняў.
У 1984 годзе Рональд Рэйган — на той момант найстарэйшы прэзідэнт ЗША, яму было 73 гады — здолеў адвесці ад сябе крытыку, пажартаваўшы наконт «маладых і недасведчаных» свайго апанента Уолтэра Мандэя, якому было 56 гадоў.
У ЗША ў асобных штатах таксама існуюць уласныя заканадаўчыя органы, што складаюцца з Сената і Палаты прадстаўнікоў; менавіта тут многія палітыкі пачынаюць сваю прафесійную кар'еру. Многія цяперашнія члены Кангрэса правялі гады ў палітыцы на ўзроўні штатаў, перш чым змагацца за месца ў Вашынгтоне.
Але з цягам часу сярэдні ўзрост кангрэсменаў паступова павялічваўся. Паводле матэрыялаў Кангрэса, самыя нізкія паказчыкі — як у Палаце прадстаўнікоў, так і ў Сената — былі зафіксаваны ў пачатку 1980‑х гадоў: 48 гадоў і 52 гады адпаведна.
Паводле даных аналізу даследчага цэнтра Pew Research Center, на момант пачатку працы цяперашняга складу Кангрэса сярэдні ўзрост члена Палаты прадстаўнікоў складаў 58 гадоў, а сенатара — 65 гадоў. Для параўнання: сярэдні ўзрост грамадзян ЗША — 39 гадоў.
Сёння павышаная ўвага надаецца таксама стану здароўя і кагнітыўным здольнасцям некаторых з найбольш узроставых палітыкаў краіны. Узрост Байдэна стаў адной з галоўных тэм падчас яго знаходжання на пасадзе прэзідэнта. У меншай ступені пытанні па гэтай нагодзе ўзнікалі і адносна Трампа.
Мітч Маконэл, фота: Allison Robbert / AP
Тое ж самае адбываецца і з 84‑гадовым сенатарам-рэспубліканцам Мітчам Маконэлам, які вярнуўся ў Кангрэс пасля доўгай адсутнасці, звязанай з праходжаннем курсу лячэння.
У шэрагах дэмакратаў 88‑гадовая Максін Уотэрс сутыкаецца з выклікам у барацьбе за лідарства ў якасці галоўнага прадстаўніка Дэмакратычнай партыі ва ўплывовым камітэце Палаты прадстаўнікоў па фінансавых паслугах. Яе ўзрост некаторыя лічаць фактарам, які грае супраць яе.
Узрост супраць праблем
Аднымі з самых ярых крытыкаў герантакратыі сталі кандыдаты, што адносяць сябе да дэмакратычных сацыялістаў — іх палітычныя погляды знаходзяцца лявейшымі, чым у большасці прадстаўнікоў Дэмакратычнай партыі. У сваіх перадвыбарных кампаніях яны робяць акцэнт на кошт жыцця і іншых пытаннях, якія турбуюць міленіялаў і зумераў. Сярод іх прыхільнікаў таксама пераважае моладзь.
Дэмаграфічны склад выбаршчыкаў, як правіла, зрушаны ў бок старэйшых узроставых груп — так жа, як і сярод саміх абраных службовых асоб.
Даследчы цэнтр Pew адзначае, што доля маладых людзей — ад 18 да 29 гадоў — сярод тых, хто не ўдзельнічае ў выбарах, расце.
Па даных Pew, на выбарах у ЗША 2020 года 25% грамадзян, якія пакуль не галасавалі, належалі менавіта да гэтай узроставай катэгорыі.
Праз чатыры гады гэты паказчык дасягнуў 30%. У 2024 годзе выбаршчыкі маладзейшыя за 30 гадоў таксама былі прадстаўленыя недастаткова. Хаця гэтая ўзроставая катэгорыя складала 20% ад ліку грамадзян, што маюць права галасаваць, на яе долю прыпала толькі 15% ад агульнай колькасці рэальна паданых галасоў.
Актывісты лічаць, што дэмаграфічныя тэндэнцыі маюць значэнне, бо з-за іх некаторыя праблемы застаюцца недастаткова прадстаўленымі.
«Так, гэта можа прывесці да таго, што выбірацца будуць пераважна людзі старэйшага ўзросту, але, на мой погляд, гэта таксама сур'ёзна скажае разуменне таго, якія пытанні з'яўляюцца важнымі — аб чым палітыкі лічаць патрэбным гаварыць і якімі праблемамі яны гатовыя займацца», — адзначае сустаршыня нью-ёркскага аддзялення Democratic Socialists of America Грэйс Маўсер.
Маўсер удзельнічала ў перадвыбарнай кампаніі Захрана Мамдані, які ў мінулым годзе ва ўзросце 34 гадоў стаў самым маладым мэрам Нью-Ёрка с 1892 года.
Мамдані часта прыводзяць у прыклад як рэдкі выпадак поспеху маладога палітыка, аднак Маўсер надае менш увагі ўзросту палітыка, чым яго светапогляду.
Па яе меркаванні, сам па сабе факт доўгага знаходжання ў палітыцы не абавязкова з'яўляецца праблемай. Праблема, хутчэй, заключаецца ў наступствах: «Ты настолькі прывыкаеш да мовы і ідэяў палітычнага істэблішменту, што ўсё астатняе — любыя новыя ідэі, маладых ці старых людзей — здаецца табе вар'ятцвам».
Яна прыводзіць у прыклад 85‑гадовага сенатара-дэмакрата левых поглядаў Берні Сандэрса, які доўгі час працаваў на Капіталійскім узгорку, пры гэтым здолеў прыняць змены і прапанаваць ідэі, што знайшлі водгук у розных пакаленняў.
Расчараваная моладзь
У ЗША пажылыя людзі ставяцца да палітыкаў значна лепш, чым моладзь — прычым гэты разрыў выражаны мацней, чым у многіх іншых краінах, паводле вынікаў апытання, праведзенага Pew вясной 2025 года.
Каля 62% амерыканцаў узросту 18‑34 гадоў схільныя лічыць, што толькі нешматлікія з абраных імі службовых асоб — альбо зусім ніхто — сумленныя, а сярод людзей старэйшых за 50 гадоў гэты паказчык складае 45%. З 25 краін, ахопленых даследаваннем Pew, толькі ў Грэцыі маладыя людзі яшчэ больш песімістычна ацэньваюць сумленнасць палітыкаў.
Па меркаванні аднаго з экспертаў, якія вывучаюць палітычную актыўнасць па абодва бакі Атлантыкі, расчараванне сярод моладзі можа растлумачыць іх нежаданне ўдзельнічаць у палітычным жыцці.
Паводле яго слоў, сітуацыю пагаршае тое, што для членаў Кангрэса ўсталяваныя ўзроставыя абмежаванні — па ніжняй планцы. Каб стаць сенатарам, кандыдат павінен быць не маладзейшы за 30 гадоў, а каб стаць членам Палаты прадстаўнікоў — не маладзейшы за 25 гадоў.
«Адно вядзе да другога, — адзначае Джэймс Слоам з Каралеўскага каледжа Лонданскага ўніверсітэта. — Калі ў цэлым у палітыцы ўдзельнічае недастатковая колькасць маладых людзей, то яны і не стануць народнымі выбраннікамі».
Больш за тое, як адзначае Слоам, маладыя людзі як у ЗША, так і ў Вялікабрытаніі ўсведамляюць, што ўлада не абмяжоўваецца толькі палітыкай. Яны разумеюць, што існуе мноства іншых сфераў дзейнасці, у якіх яны могуць аказваць уплыў — у тым ліку і на абраных службовых асоб.
Перад маладымі людзьмі, што займаюць высокія палітычныя пасады, непазбежна паўстае пытанне: ці ўдасца ім дасягнуць поспеху ў кар'еры, не грэбуючы пры гэтым бацькоўскімі абавязкамі?
Гэтым летам гісторыі дзвюх вядомых маладых жанчын, што працуюць у Вашынгтоне, зноў паднялі пытанне аб тым, наколькі сумяшчальна такая дзейнасць з мацярынствам.
Александрыя Акасіа-Картэс, 37‑гадовая кангрэсвумэн ад Дэмакратычнай партыі, якая заняла сваю пасаду ў 29 гадоў, паведаміла, пачала працэдуру замарожвання яйцаклетак.
У той жа тыдзень жніўня 29‑гадовая Кэралайн Левіт — самы малады прэс-сакратар ў гісторыі Белага дома — абвясціла пра сыход з адміністрацыі Трампа. Сваё рашэнне яна растлумачыла жаданнем праводзіць больш часу з сям'ёй, у тым ліку з нованароджаным дзіцем.
«Я не змагу быць той выдатнай мамай, якую заслугоўваюць двое маіх маленькіх дзяцей, калі буду аддаваць працы — пасадзе прэс-сакратары Белага дома — столькі часу, энергіі і ўвагі, колькі яна патрабуе», — заявіла Левіт.
Літаральна некалькі жанчын станавіліся маці, будучы ўжо членамі Кангрэса, а ўсяго ў заканадаўчых органах налічваецца некалькі дзясяткаў чалавек, у якіх ёсць дзеці маладзейшыя за 18 гадоў. Федэральны ўрад, як і многія іншыя працадаўцы ў ЗША, не прадастаўляе аплачваных адпачынкаў па доглядзе за дзіцем.
42‑гадовы Джэй Дзі Вэнс — адзін з самых маладых віцэ-прэзідэнтаў у гісторыі ЗША. Нядаўна ён прызнаў, што наяўнасць дзяцей можа паўплываць на яго рашэнне балатавацца на пасаду прэзідэнта ў 2028 годзе: «У нас чацвёра маленькіх дзяцей».
Барацьба дзвюх партый
Двухпартыйную сістэму ў Амерыцы называюць яшчэ адной перашкодай, якая перашкаджае моладзі ўдзельнічаць у палітыцы.
Прадстаўлены толькі адносна вузкі спектр поглядаў, лічыць Слоам з Каралеўскага каледжа Лонданскага ўніверсітэта. Ён спасылаецца на даследаванні, згодна з якімі моладзь праяўляе больш актыўнасці ў рамках грамадскіх рухаў ці кампаній, прысвечаных канкрэтным праблемам, чым у партыйнай палітыцы.
Што тычыцца партыйнай палітыкі, ён прыводзіць прыклад Мамдані і іншых прадстаўнікоў левага палітычнага крыла, якія, здаецца, мабілізуюць падтрымку моладзі за рамкамі асноўных груп падтрымкі Дэмакратычнай партыі. Аднак ён папярэджвае, што «пакуль гэта носіць спарадычны характар».
За апошняе дзесяцігоддзе Рэспубліканская партыя перажыла ўнутраны раскол, звязаны са з'яўленнем руху Дональда Трампа MAGA («Зробім Амерыку зноў вялікай»), які на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года атрымаў падтрымку ў значнай часткі маладых мужчын.
Некаторыя еўрапейскія дэмакратыі дэманструюць, што больш плюралістычнае палітычнае асяроддзе можа садзейнічаць больш актыўнаму ўдзелу моладзі ў грамадскім жыцці, указвае Слоам.
Паводле яго слоў, краіны Скандынавіі, дзе, як правіла, склаліся шматпартыйныя сістэмы, служаць яркім супрацьпрыкладам, паколькі кіруючыя партыі ў гэтых краінах узаемадзейнічаюць з гэтымі грамадскімі рухамі, спрабуючы ўключыць іх у палітычную сістэму.
Эксперт мяркуе, што існуе пэўны цыкл, у рамках якога большая яўка моладзі на выбарах і яе давер да палітычнай сістэмы прыводзяць да больш актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці.
Погляд у будучыню
Гэта праўда, што некаторым заканадаўцам варта разумець, калі пара сыходзіць з сцэны, мяркуюць эксперты. Але ў той жа час выбаршчыкам не варта выпускаць з уваги факт, уласцівы ўзросту. Ім таксама не варта блытаць узрост з кампетэнтнасцю.
Максін Уотэрс, фота Mariam Zuhaib / AP
«Сам па сабе ўзрост — вельмі ненадзейны паказчык чагосьці», — кажа прафесар геранталогіі Універсітэта Вірджыніі Трэйсі Гэндран, чые даследаванні ставяць пад сумнеў здагадку аб тым, што старэнне заўсёды суправаджаецца пагаршэннем фізічнага і кагнітыўнага стану.
«Можа быць 45‑гадовы чалавек пакутуе на дэпрэсію або злоўжывае псіхаактыўнымі рэчывамі, у якога, магчыма, няма кагнітыўных здольнасцяў, неабходных для такой працы, — кажа яна. — І наадварот: 85‑гадовы чалавек можа валодаць выключнай цэльнасцю, палітычным чуццём і мудрасцю, які цалкам здольны выконваць гэтую працу».
Гэндран згодна з тым, што склад амерыканскіх палітыкаў не адлюстроўвае ўзроставую структуру насельніцтва краіны, аднак, па яе меркаванні, гэта толькі паказвае на тое, што Кангрэсу ёсць куды імкнуцца ў плане разнастайнасці.
«Смешна, калі мы называем гэта герантакратыяй і засяроджваемся выключна на ўзросце, — кажа яна. — Калі паглядзець на большасць іншых аспектаў прадстаўніцтва — пол, сэксуальная арыентацыя, рэлігія, расавая прыналежнасць — то і тут мы бачым адсутнасць належнага прадстаўніцтва».
Рэспубліканец Оўэн разлічвае на поспех у Юце, хоць у яго суперніка значна больш сродкаў на перадвыбарную кампанію.
Гаворачы пра тое, што натхняе яго як кандыдата з пакалення зумераў, ён вылучае такія пытанні, як роля тэхналогій у грамадскім жыцці, іміграцыя і праблемы, звязаныя з коштам жыцця. «Я стаю на парозе стварэння ўласнай сям'і, ацэньваю выдаткі і задаюся пытаннем: як мне справіцца з гэтым?» — кажа ён.
На пытанне, ці бачыць ён якія-небудзь падабенствы паміж сваёй перадвыбарнай кампаніяй і кампаніямі маладых палітычных кандыдатаў, што прадстаўляюць супрацьлеглы бок палітычнага спектру, ён адказвае: «Я бы адмовіўся ад схемы «мы супраць іх» і, магчыма, крыху адышоў ад гэтага падыходу…[Існуе] надпартыйнае пасланне, якое адчуваюць многія амерыканцы па абодва бакі палітычнага спектру: што Вашынгтон не працуе ў іх інтарэсах».
Оўэн раздзяляе пазіцыю Маўсер — прыхільніцы дэмакратычнага сацыялізму з Нью-Ёрка: выбаршчыкі не абавязкова павінны выбіраць кандыдата толькі таму, што ён малады, галоўнае — яго ідэі.
«Для мяне значна важней тое, што ты падтрымліваеш, за што змагаешся, чым тое, у якім годзе ты нарадзіўся», — кажа ён.