БЕЛ Ł РУС

Праз атакі беспілотнікаў закрываліся аэрапорты Масквы. Памяняўся і расклад рэйсаў з Мінска

23.10.2026 / 17:05

Nashaniva.com

У другой палове дня 23 кастрычніка ў чатырох маскоўскіх аэрапортах — Шарамецева, Дамадзедава, Унукава і Жукоўскім — увялі часовыя абмежаванні на вылет і прылёт самалётаў праз атаку беспілотнікаў. Пра гэта паведаміла расійскае Федэральнае агенцтва паветранага транспарту.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media

Прыкладна а 15‑й гадзіне з'явіліся паведамленні пра поўнае закрыццё паветранай прасторы над Масквой. У аэрапорце Шарамецева абвясцілі паветраную трывогу і пачалі эвакуацыю.

Аэрапорт Пулкава ў Санкт-Пецярбургу прыняў 25 рэйсаў, якія павінны былі прызямліцца ў Маскве. Паведамлялася таксама, што самалёт, які ляцеў з Пекіна, перанакіравалі ў Мінск.

Праблемы з пасадкай узніклі і ў рэйса Airbus A380 кампаніі Emirates, які выконваў пералёт з Дубая ў Маскву. Найбуйнейшы ў свеце пасажырскі самалёт некаторы час кружыў над Пензенскай вобласцю ў чаканні магчымасці прызямліцца. Паводле паведамленняў расійскіх СМІ, гэты тып самалётаў могуць прымаць толькі некалькі аэрапортаў Расіі.

Адзін з самалётаў Belavia таксама некаторы час кружыў над Масквой, пасля чаго вярнуўся ў Мінск.

Бліжэй да 17‑й гадзіны маскоўскія аэрапорты пачалі зноў прымаць рэйсы. Аднак абмежаванні ўжо паўплывалі на расклад палётаў з Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Вячэрні рэйс расійскай авіякампаніі «Пабеда» ва Унукава, запланаваны на 21:00, адмянілі. Іншыя рэйсы ў Маскву перанеслі на пазнейшы час. Так, вылет «Аэрафлота» ў Шарамецева замест 17:20 запланавалі на 18:50, а рэйс Belavia ў той жа аэрапорт затрымалі з 19:55 да 20:55.

Таксама адклалі дзённыя рэйсы Belavia ва Унукава і «Аэрафлота» ў Шарамецева, пасажыраў якіх ужо аформілі на пасадку.

Змяняецца расклад і на іншых напрамках, маршруты якіх праходзяць над тэрыторыяй Расіі. Напрыклад, рэйсы ў турэцкую Анталію затрымліваюцца на пяць-шэсць гадзін.

Генеральны дырэктар Belavia Ігар Чаргінец раней тлумачыў, што закрыццё паветранай прасторы і абмежаванні ў замежных аэрапортах павялічваюць выдаткі авіякампаніі. З-за змены маршрутаў павялічваецца час палётаў і расход паліва, а колькасць рэйсаў, якія самалёты могуць выканаць, скарачаецца. Абмежаванні ў расійскіх аэрапортах таксама прымушаюць карэктаваць расклад міжнародных палётаў.

Чытайце таксама:

«Белавія» пераходзіць на зімовы расклад

«Белавія» аднаўляе рэйсы на Шры-Ланку

Беларусы перамаглі ў тэндары на будаўніцтва смаленскага аэрапорта

У мінскім аэрапорце цалкам перакрыюць пад’язную эстакаду

Каментары да артыкула