У Польшчы заявілі, што не будуць прыпыняць вайсковую дапамогу Украіне праз сітуацыю з ушанаваннем УПА
Міністэрства абароны Польшчы зняпраўдзіла паведамленні пра прыпыненне перадачы Украіне буйной партыі вайсковай дапамогі праз рашэнне Львоўскай абласной рады абвясціць 2027 год годам Украінскай паўстанцкай арміі (УПА). Пра абвяржэнне 22 кастрычніка паведаміла польскае выданне Fakt.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: vecteezy.com
Раней украінскае выданне «Еўрапейская праўда» паведаміла пра нібыта прыпыненне паставак са спасылкай на ананімную крыніцу ва ўкраінскім урадзе. Аднак прэс-сакратар польскага Міністэрства абароны Януш Сеймей заявіў, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці.
20 кастрычніка Львоўская абласная рада прыняла рашэнне абвясціць 2027 год годам УПА, а таксама кіраўнікоў гэтага фармавання Рамана Шухевіча і Алега Ольжыча. Гэта выклікала рэзкую крытыку з боку прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска і міністра абароны Уладзіслава Касіняка-Камыша.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі падпісаў хадайніцтва аб забароне на ўезд у Шэнгенскую зону на пяць гадоў дэпутату Львоўскай абласной рады Святаславу Шарамеце, які выступіў ініцыятарам гэтай пастановы.
Міністэрства замежных спраў Украіны таксама раскрытыкавала рашэнне Львоўскай абласной рады, заявіўшы, што яно не спрыяе ўкраінска-польскаму дыялогу. У Кіеве адзначылі, што львоўскія дэпутаты прынялі пастанову, не параіўшыся з дыпламатамі.
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Басацкі паведаміў, што прадстаўнікі каманды прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага запэўнілі польскі бок: пастанова не набудзе моцы. Паводле яго слоў, інфармацыю пра адпаведнае рашэнне ўжо выдалілі з сайта Львоўскай абласной рады.