За хабар арыштавалі кіраўніка Аршанскага мясакансервавага камбіната. Два месяцы таму ён прымаў на заводзе прэм'ера Турчына
Міліцыя паведаміла пра затрыманне 44‑гадовага жыхара Барысава, які ўзначальваў адно з мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці. Як высветліла «Наша Ніва», гаворка ідзе пра кіраўніка Аршанскага мясакансервавага камбіната Паўла Рынзака.
Павел Рынзак. Фота: sluckmeat.by
Паўлу Рынзаку 44 гады, ён родам з Барысава. Уся ягоная кар'ера звязаная з харчовай прамысловасцю і гандлем.
Раней Рынзак працаваў намеснікам начальніка на Барысаўскім камбінаце хлебапрадуктаў, меў дачыненне да Барысаўскага мясакамбіната, а пазней быў намеснікам дырэктара і выканаўцам абавязкаў дырэктара на Слуцкім мясакамбінаце.
У 2022 годзе мужчына таксама на кароткі час рэгістраваў ІП у Барысаўскім раёне для аказання камерцыйных паслуг.
Апошнім часам Рынзак працаваў кіраўніком Аршанскага мясакансервавага камбіната, які знаходзіцца пад кіраваннем магутнага агракамбіната «Дзяржынскі» і рыхтаваўся да поўнага ўваходжання ў яго склад.
Яшчэ ў жніўні 2026 года Павел Рынзак асабіста сустракаў на прадпрыемстве прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына і раздаваў каментары дзяржаўнай прэсе — хваліўся новымі аўтаматызаванымі лініямі, пераходам дзіцячага харчавання з бляшанак-«шайбачак» на шкляны посуд і планамі выпускаць кармы для жывёл у паўч-пакетах.
Пра затрыманне топ-менеджара 22 кастрычніка паведаміла прэс-служба МУС: Рынзака ўзялі яго пры атрыманні хабару. Паводле звестак следства, кіраўнік прадпрыемства забяспечыў прыватнай фірме перамогу ў працэдуры закупак транспартных паслуг для патрэб камбіната.
Супраць Паўла Рынзака завялі крымінальную справу за атрыманне хабару, сілавікі шукаюць іншыя эпізоды ягонай дзейнасці.