БЕЛ Ł РУС

У Беларусі абмежавалі доступ да сайтаў з-за мяжы праз небяспечныя памылкі ў PHP

22.10.2026 / 09:09

Nashaniva.com

Частка беларускіх сайтаў можа не адкрывацца з іншых краін. Hoster.by паведаміў, што замежны ўваходны трафік абмежавалі паводле распараджэння дзяржаўнага органа, які каардынуе кібербяспеку. Прычына — дзве выяўленыя крытычныя ўразлівасці ў PHP, тэхналогіі, на якой працуюць многія сайты.

Паводле паведамлення хостынгавай кампаніі ад 21 кастрычніка, сайты працягнуць працаваць для карыстальнікаў у Беларусі, але будуць недаступныя з іншых краін. Выключэнне зрабілі для пошукавых робатаў Google, «Яндэкса» ды іншых пошукавікаў.

Які менавіта дзяржаўны орган выдаў распараджэнне і колькі сайтаў закранулі абмежаванні, у паведамленні не ўдакладняецца.

Выяўленыя памылкі могуць дазволіць зламыснікам выконваць шкоднасны код на серверы без аўтарызацыі. Абедзве ўразлівасці атрымалі ацэнку небяспекі 9,2 бала з 10. Распрацоўшчыкі PHP ужо выпусцілі выпраўленні і заклікалі неадкладна абнавіць праграмнае забеспячэнне.

Hoster.by абяцаў абнаўляць інфармацыю пра тэрміны зняцця абмежаванняў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула