Пад Магілёвам засталася зімаваць чарада буслоў
Птушкі засталіся на зімоўку ў Буйнічах, што за тры кіламетры ад абласнога цэнтра.
Тут пасяліліся адразу чатыры буслы. Зрэшты, мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што птушак больш — на выгуле бачылі шэсць, піша «Магілёў анлайн».
Птушкі выглядаюць амаль ручнымі: падпускаюць да сябе зусім блізка, асабліва калі ёсць пачастунак.
Апошнім часам гараджане падкормліваюць буслоў, хоць яшчэ нядаўна спадзяваліся, што птушкі збяруцца ў дарогу.
Паводле слоў адной з мясцовых жыхарак, прынамсі адна птушка выглядала траўмаванай — у яе звісала крыло. Цяпер усе выглядаюць цалкам здаровымі, вось толькі ці могуць яны лятаць — сказаць складана. У асноўным птушкі перасоўваюцца пешшу і скачкамі.
Жыхары Буйнічаў хвалююцца: што будзе, калі ўдарыць мароз? Яны ўжо задумваюцца, куды звяртацца, калі птушкам спатрэбіцца дапамога.
Загадчык і намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Магілёўскага заасада Іван Ніжнікаў кажа: калі птушкам спатрэбіцца дапамога, каб перажыць зіму, іх гатовыя прыняць — для гэтага ёсць вальеры. Але не факт, што ўсё атрымаецца: пры спробе злавіць буслы могуць паляцець.
Так ужо было летась, калі ў Буйнічах зімаваў іншы бусел — палахлівы, са здаровымі крыламі. Злавіць яго так і не змаглі. У выніку птушка пасялілася на даху мясцовага «Еўраопта», грэлася каля трубы, а неабыякавыя людзі яе падкормлівалі.
Дарэчы, той бусел паспяхова перажыў зіму, хоць слупок тэрмометра часам апускаўся да мінус 30 градусаў. З надыходам цяпла ён паляцеў.
Чаму ж буслы не адляцелі сёлета? Прычыны могуць быць рознымі, адзначае Іван Ніжнікаў. Птушкі маладыя — магчыма, гэта позні вывадак. А можа, у маладых буслоў загінулі бацькі і нашчадкаў проста не паспелі навучыць. Маглі адыграць ролю і траўмы, і падкормліванне людзьмі.
Такія спробы праявіць дабрыню могуць абярнуцца «мядзведжай паслугай», адзначае спецыяліст: птушка хутка адвыкае самастойна здабываць ежу і застаецца, разлічваючы, што чалавек яе пракорміць.
Як бы там ні было, Іван Ніжнікаў кажа, што пакуль не бачыць прычын для ўмяшання. Цяпер буслоў падкормліваюць мясцовыя жыхары, і пры цяперашніх тэмпературах птушкі адчуваюць сябе добра.