У Львове абвясцілі 2027 год годам УПА і Рамана Шухевіча. Пад пагрозай пакет польскай вайсковай дапамогі
Польшча прыпыніла пастаўкі Украіне буйнога пакета вайсковай дапамогі пасля рашэння Львоўскай абласной рады абвясціць 2027 год годам Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) і яе кіраўнікоў Рамана Шухевіча і Алега Ольжыча. Пра гэта выданню «Еўрапейская праўда» паведаміла крыніца ва ўкраінскім урадзе.
Марш славы УПА ў Львове. Здымак ілюстрацыйны. Фота: day.kyiv.ua
Паводле слоў крыніцы, дэпутаты Львоўскай абласной рады прынялі гэтае рашэнне якраз у той час, калі Польшча рыхтавалася перадаць Украіне значны пакет вайсковай дапамогі. Цяпер яго пастаўкі прыпыненыя. Украінскія ўлады, як сцвярджае крыніца, спрабуюць у закрытым рэжыме ўрэгуляваць сітуацыю.
20 кастрычніка Львоўская абласная рада прагаласавала за абвяшчэнне 2027 года годам Рамана Шухевіча, Украінскай паўстанцкай арміі і Алега Ольжыча.
Міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што такое рашэнне шкодзіць адносінам паміж дзвюма краінамі. Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, у сваю чаргу, адзначыў, што падобныя крокі дапамагаюць ворагам Украіны.
Міністэрства замежных спраў Украіны падкрэсліла, што рашэнне было прынятае на рэгіянальным узроўні без кансультацый з украінскімі дыпламатамі і цэнтральнымі органамі ўлады. Ва ўкраінскім знешнепалітычным ведамстве назвалі яго контрпрадуктыўным.
Паводле заявы намесніка міністра замежных спраў Польшчы, украінскі бок запэўніў Варшаву, што рашэнне Львоўскай абласной рады не будзе рэалізаванае.