БЕЛ Ł РУС

«Бітлз-лэнд». У Ліверпулі адкрыецца велізарны музей «Бітлз», праект блаславілі Пол Макартні і Рынга Стар

21.10.2026 / 08:44

Nashaniva.com

У інтэрактыўнай прасторы будзе паказаны шлях групы ад вуліц Ліверпуля да сусветнай сцэны.

Візуалізацыя праекта атракцыёна Yellow Submarine у вежы St John's Beacon

У 2028 годзе ў цэнтры Ліверпуля адкрыецца новы маштабны музей, прысвечаны гісторыі гурта The Beatles. Ён будзе створаны ў перабудаваным будынку найбуйнейшага ў горадзе крытага рынку, а ў знакамітай тэлевежы St Johns Beacon, якая над ім узвышаецца, з'явіцца прастора, прысвечаная мультфільму і песні «Жоўтая падводная лодка», піша Бі-бі-сі.

Праект рэалізуе кампанія Apple Corps, якая належыць «ліверпульскай чацвёрцы», і яго ўжо падтрымалі Пол Макартні і Рынга Стар.

Цяпер паўафіцыйны музей The Beatles пад назвай «The Beatles Story» знаходзіцца ў ліверпульскім Альберт-доку, ён адкрыўся там у 1990 годзе. Новы музей размесціцца на плошчы 9,3 тыс. кв метраў, гэта значыць прыкладна ў чатыры разы большай, чым цяпер.

Apple Corps абяцае, што імерсіўныя тэхналогіі дазволяць наведвальнікам музея літаральна папрысутнічаць на некаторых галоўных падзеях у гісторыі Beatles. У комплексе таксама будуць выстаўлены арыгінальныя артэфакты і ўзноўлены найважнейшыя для гурта месцы.

У тым ліку наведвальнікі змогуць паглядзець на пасляваенны Ліверпуль, дзе выраслі члены «ліверпульскай чацвёркі», разам з імі прарабіць шлях у Гамбург, апынуцца ў клубе Cavern, перажыць з'яўленне бітламаніі, трапіць у студыю на Эбі-Роўд, паглядзець легендарны выступ на амерыканскім стадыёне Шы і прайсціся па паверхах офіса The Beatles на фешэнебельнай лонданскай вуліцы Сэвіл-Роу.

«Неад'емная частка The Beatles»

«Падобна Грэйсленду [асабняк і музей Элвіса Прэслі] або «Долівуду» [музей амерыканскай спявачкі Долі Партан], новы музей The Beatles стане вартым гурта славутасцю сусветнага ўзроўню ў горадзе, дзе пачалася яе гісторыя», — кажа кіраўнік Apple Corps Том Грын.

Раней Apple Corps таксама абвясціла, што ў 2027 годзе адкрывае новы музей у Лондане, у будынку на вуліцы Сэвіл-Роў, дзе ў канцы 1960‑х размяшчаўся офіс гэтай кампаніі; на даху гэтага асабняка адбыўся апошні канцэрт The Beatles.

Пол Макартні адрэагаваў на навіны аб з'яўленні новага музея ў цэнтры яго роднага горада так: «Я люблю Ліверпуль. Ён — неад'емная частка мяне і частка The Beatles. Гэта проста неверагодна, і для мяне вялікі гонар, што людзей па-ранейшаму цікавіць наша гісторыя. Буду вельмі рады ўбачыць, як «The Beatles Story» і «Сэнт-Джонс-Бікан» пераўтворацца такім цудоўным чынам у самым сэрцы Ліверпуля».

Без Ліверпуля нічога б не было, так што з нецярпеннем чакаю, калі людзі змогуць убачыць нашу гісторыю і перажыць яе разам з намі», — дадаў Макартні.

«Найлепшы прыклад таго, што Брытанія здольная даць свету»

Частка выручкі ад білетаў у новы музей The Beatles будзе накіравана дабрачыннай арганізацыі, створанай Apple Corps для падтрымкі ліверпульскіх музыкаў-пачаткоўцаў і іншых людзей мастацтва.

У інтэрактыўнай прасторы будзе паказаны шлях The Beatles ад вуліц Ліверпуля да сусветнай сцэны

«Ліверпуль быў і застаецца музычным горадам, — сказаў Рынга Стар. — І цяпер мы пашыраем ліверпульскую «The Beatles Story» — як гэта крута! Рытм працягваецца».

Новы музей ствараецца ў супрацоўніцтве з мэрыяй Ліверпуля — і пры падтрымцы ўрада Вялікабрытаніі.

Яго з'яўленне пракаментаваў і прэм'ер-міністр краіны Эндзі Бёрнэм: «The Beatles — гэта адзін з найлепшых прыкладаў таго, што Брытанія здольная даць свету. Чатыры хлопцы з Ліверпуля назаўжды змянілі музыку і папулярную культуру, і больш за 60 гадоў праз іх гісторыя ўсё яшчэ дае гораду і ўсёй краіне падставу для вялізнага гонару».

«Калі б нам хтосьці сказаў, што такое здарыцца ў тыя часы, калі мы тусаваліся і толькі пачыналі, мы б ніколі ў гэта не паверылі», — заключае Макартні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула