У Аўстраліі метэарадары пачалі паказваць дождж, якога няма. Аказалася, што гэта мільёны матылькоў
У аўстралійскім штаце Новы Паўднёвы Уэльс метэаролагі сутыкнуліся з незвычайнай з'явай. Прыборы ноч за ноччу фіксуюць ападкі на вялізных тэрыторыях, але на зямлю не падае ні кроплі. Навукоўцы знайшлі нечаканае тлумачэнне гэтаму феномену.
Agrotis infusa. Фота: Wikimedia Commons
У апошнія тыдні, як піша The Guardian, метэарадары ў аўстралійскім штаце Новы Паўднёвы Уэльс сталі паказваць дзіўную карціну. Амаль кожную ноч на картах з'яўляюцца шырокія зоны ападкаў, асабліва ў ваколіцах Сіднэя. Але ў многіх мясцінах, дзе радары паказваюць дождж, насамрэч суха.
Што ж тады фіксуюць прыборы? Метэаролагі мяркуюць, што прычынай могуць быць мільёны начных матылькоў, якія цяпер перасякаюць усход Аўстраліі.
Гаворка пра начніц віду Agrotis infusa. У Аўстраліі іх называюць богангамі — ад слова bugung, якое на мове карэннага народа дудхуроа азначае «карычневы начны матылёк».
Метэарадары выяўляюць ападкі з дапамогай радыёімпульсаў, якія адбіваюцца ад кропель вады, сняжынак або граду. Але калі ў паветры знаходзяцца велізарныя раі насякомых, сігнал можа адбівацца і ад іх целаў ды крылаў. У выніку на радарных картах з'яўляюцца плямы, падобныя да дажджавых аблокаў.
Аўстралійскае Бюро метэаралогіі пацвердзіла, што вялізныя раі матылькоў могуць ствараць такі эфект. Праўда, спецыялісты пакуль не гатовыя прыпісаць усе незвычайныя сігналы менавіта насякомым, бо падобную карціну часам выклікаюць і атмасферныя з'явы, напрыклад тэмпературныя інверсіі.
Цікава, што нешта падобнае ўжо здаралася. Падчас Алімпійскіх гульняў у Сіднэі ў 2000 годзе велізарныя раі матылькоў, прыцягнутых яркімі агнямі стадыёнаў, паводле ўспамінаў, метэаролагі таксама прынялі за дождж.
Богангі штогод здзяйсняюць падарожжа на сотні кіламетраў. Увесну яны накіроўваюцца з раўнін усходняй Аўстраліі ў Аўстралійскія Альпы, дзе праводзяць спякотныя месяцы ў прахалодных пячорах і расколінах скал. Увосень матылькі вяртаюцца назад. Падчас такіх міграцый іх можа быць настолькі шмат, што ў паветры ўтвараюцца сапраўдныя хмары з насякомых.
Для навукоўцаў незвычайныя паказанні радараў могуць аказацца вельмі карыснымі. Дагэтуль адсочваць перамяшчэнні богангаў было складана. Даследчыкі спрабавалі пазначаць асобных матылькоў, збіралі сведчанні відавочцаў і нават вывучалі газетныя паведамленні, каб аднавіць маршруты іх міграцый.
Цяпер радары могуць дапамагчы назіраць за рухам цэлых раёў. Падобныя тэхналогіі ўжо выкарыстоўваюць для адсочвання перамяшчэнняў птушак і лятучых лісіц — буйных рукакрылых з сямейства крыланаў.
Масавае з'яўленне богангаў асабліва ўзрадавала даследчыкаў, бо ў папярэднія гады іх колькасць рэзка скарацілася. У 2021 годзе від унеслі ў Чырвоны спіс Міжнароднага саюза аховы прыроды ў катэгорыі відаў пад пагрозай знікнення.
Адной з галоўных небяспек для матылькоў застаецца змяненне клімату, якое пагражае іх месцам летняга пражывання ў Аўстралійскіх Альпах. Цяперашняе з'яўленне вялізных раёў дае навукоўцам надзею, аднак яшчэ не сведчыць пра поўнае аднаўленне папуляцыі.