БЕЛ Ł РУС

Вайскоўца-беларуса могуць выслаць з Украіны, бо ён не можа легалізавацца. Усё праз закон, які меўся палегчыць легалізацыю

16.10.2026 / 15:12

Nashaniva.com

Беларус Эмілій Лабейка ваюе на баку Украіны з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі.

Беларускага добраахвотніка Эмілія Лабейку могуць у лістападзе выслаць з Украіны, бо ў яго згарэў беларускі пашпарт. Вінаваты новы закон, які меўся спрасціць легалізацыю замежных вайскоўцаў ва Украіне, але для Лабейкі ён сітуацыю пагоршыў, піша Радыё Свабода.

Беларус Эмілій Лабейка ваюе на баку Украіны з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі. Аднак пасля чатырох гадоў службы — сёлета ў лістападзе — яго могуць прымусіць выехаць з краіны. Усё таму, што добраахвотнік з Беларусі не можа легалізавацца ва Украіне.

Прычынай стаў новы закон, які меўся палегчыць легалізацыю замежных вайскоўцаў ва Украіне, каб яны не аказваліся ў прававой яме і не гублялі легальнага статусу нават праз паўгода пасля заканчэння кантракта.

Закон № 4730‑IX пачаў дзейнічаць 10 мая 2026 года. Паводле яго, усе вайскоўцы, якія пачалі служыць ва Украіне раней за гэтую дату і яшчэ не атрымалі дазволу на жыхарства, абавязаныя падаць дакументы ў міграцыйную службу да 10 лістапада. У выніку яны могуць атрымаць дазвол на жыхарства.

Аднак для Эмілія Лабейкі гэты закон адыграў адваротную ролю. Ён не можа падаць неабходны пакет дакументаў — у яго няма пашпарта. Беларускі пашпарт Лабейкі згарэў пры абстрэле Краматорска ў маі 2023 года, расказваў ён раней Свабодзе.

Зрабіць новы пашпарт ён не можа, бо ў тым жа годзе Лукашэнка забараніў афармляць новыя пашпарты праз амбасады за мяжой. Ехаць у Беларусь па новыя дакументы Эмілію небяспечна — у Беларусі яму пагражае турма за тое, што ён ваюе за іншую дзяржаву. Ён знаходзіцца ў вышуку ў Расіі. А на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай вобласці, у так званай «ДНР», яму вынеслі прысуд.

Раней для легальнага знаходжання Эмілія ва Украіне было дастаткова таго, што ён мае вайсковы білет. Ягонае кіраўніцтва бачыла ягоны дзейны пашпарт, калі прымала яго на службу. 10 лістапада легальны статус беларуса можа скончыцца. Хоць цяперашні кантракт павінен дзейнічаць да лета 2028 года.

Больш за год Лабейка служыць у 21‑м палку беспілотных сістэм Kraken, які ўваходзіць у трэці армейскі корпус Сухапутных войскаў Узброеных сіл Украіны (не блытаць са спецпадраздзяленнем Kraken у складзе Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны). Лабейка кажа, што ўладкоўваўся туды ўжо на падставе ксеракопіі пашпарта. Да 2025 года Эмілій служыў у складзе Міжнароднага легіёна пры Галоўным упраўленні разведкі Украіны. Ён дадае, што нефармальна тады лічыўся ў палку Каліноўскага.

«Я ўсё ж такі служыў у легіёне. Але з тымі беларусамі, з якімі я служыў, мы называлі сябе «полк Каліноўскага»», — адзначае ён.

Як расказаў Эмілій Лабейка Свабодзе, фактычна на вырашэнне пытання ягонай легалізацыі ён меў паўгода — пачынаючы з 10 мая. Засталося тры тыдні. Паводле ягоных слоў, цяперашняе кіраўніцтва занялося гэтай праблемай тыдзень таму і пачало збіраць ягоныя дакументы, каб падаць іх у Дзяржаўную міграцыйную службу (ДМС).

«Што будзе далей, калі я не змагу падаць заяву? Цяпер, наколькі я сам разумею, ніякай працэдуры, паводле якой я змагу падаць дакументы, проста не існуе. Незразумела, што яны будуць рабіць далей», — каментуе Лабейка.

Добраахвотнік спадзяецца, што яго не будуць затрымліваць і прымусова дэпартаваць, тым больш у Беларусь, дзе яго чакае турма. Але дапускае варыянт, што ён будзе абавязаны сам сабраць рэчы пасля 10 лістапада і на працягу некалькіх дзён выехаць з краіны.

«Думаю, у Беларусь мяне ніхто не будзе адпраўляць… Тым больш я вельмі дасведчаны баец. Адпраўляць мяне туды, дзе будуць толькі цешыцца з таго, што Украіна зрабіла… Таму я думаю, што ўсё ж такі мне дадуць пэўны тэрмін, і я павінен буду проста выехаць адсюль», — каментуе Лабейка.

Ён мяркуе, што калі замежнікі даведаюцца, што дзейнага замежнага добраахвотніка могуць прымусіць выехаць з краіны праз адсутнасць дакументаў, яны перастануць уступаць у шэрагі Узброеных сіл Украіны.

«Я скептычна стаўлюся да таго, што яны так зробяць (прымусіць Лабейку выехаць з Украіны. — РС), але не выключаю гэтага. Гэта будзе цяжкі ўдар у цэлым па іміджы краіны. Я публічны чалавек, пра свае праблемы заўсёды расказваю», — каментуе Эмілій.

У жніўні Лабейка звяртаўся ў Часовую следчую камісію Вярхоўнай Рады Украіны, якая займаецца правамі чалавека, каб яна дапамагла вырашыць ягоную праблему з дакументамі. Ён кажа, што пасля гэтага звароту яму пачалі прыходзіць адказы ад розных службаў, у тым ліку ад Службы бяспекі Украіны, Антыкарупцыйнага бюро, пракуратуры і паліцыі (копіі некаторых адказаў ёсць у рэдакцыі Свабоды).

Па сутнасці, у іх гаворыцца, што нельга зрабіць выключэнне для сітуацыі Лабейкі і аформіць яму дакументы без пашпарта або што орган не знайшоў парушэнняў пры ранейшым разглядзе сітуацыі беларускага добраахвотніка.

«Я цяпер знаходжуся ў нейкай прававой дзірцы, калі нічога не магу зрабіць», — адзначае добраахвотнік.

Эмілій кажа, што калі ўрэшце будзе вымушаны выехаць з Украіны, то паедзе ў Польшчу, бо там, на яго думку, найлепш вырашаюць такія праблемы з дакументамі, як у ягоным выпадку. Эмілій дапускае, што тады зможа вярнуцца да праграмавання. У Беларусі ён раней не скончыў навучанне па адпаведным кірунку.

Эмілію Лабейку 26 гадоў. Ён паехаў ваяваць ва Украіну ва ўзросце 21 года. Паходзіць з Бабруйска, узяў сабе пазыўны «Бобр». Удзельнічаў у пратэстах 2020 года ў Бабруйску і Мінску. Кінуў завочную вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. У ліпені 2021 года выехаў з Беларусі ў Польшчу, працаваў у McDonald’s. Адзначае, што бацькі не падтрымалі ягоны выбар — ні з'ехаць з Беларусі, ні пайсці ваяваць. Цяпер хлопец з імі не кантактуе. У Беларусі ў яго таксама засталіся былая жонка і двое дзяцей. З імі ён таксама не падтрымлівае сувязі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула