Юны расійскі лейтэнант быў шакаваны нападам на Украіну. Ён выйшаў на сувязь з украінцамі і стаў самым каштоўным агентам
24‑гадовы на той момант Леў Ступнікаў у 2024 годзе некалькі месяцаў таемна супрацоўнічаў з украінскай выведкай, перадаючы ёй каардынаты вайсковых аб'ектаў і звесткі пра перамяшчэнні камандавання. Дзякуючы гэтым звесткам УСУ знішчылі каля 300 акупантаў. The Wall Street Journal у дэтальным матэрыяле з выкарыстаннем раней сакрэтных відэазапісаў, зробленых з дронаў, расказала і паказала, як афіцэр з рызыкай перайшоў лінію фронту і якая была роля мамы ў яго ўчынку.
Леў Ступнікаў звоніць маці а 8‑й ранку пасля пераходу на ўкраінскі бок. Скрын відэа: dmytrokarpenko / YouTube
У лютым 2024 года на палігоне недалёка ад украінскага Вуглядара сабраліся расійскія вайскоўцы. Некалькі дзён яны адпрацоўвалі дзеянні перад запланаваным наступам. За вучэннямі павінны былі назіраць старшыя афіцэры, якія прыбылі на месца разам з камандаваннем 36‑й мотастралковай брыгады.
Сярод прысутных быў малады лейтэнант Леў Ступнікаў, які адказваў за сувязь у адным з батальёнаў. Ён непрыкметна сфатаграфаваў вайскоўцаў і адправіў паведамленне свайму ўкраінскаму кантакту: «Тут павінна быць ад 120 да 150 чалавек».
Каардынаты месца афіцэр перадаў яшчэ раней. Цяпер украінскаму боку заставалася толькі атрымаць пацвярджэнне, што там сабраліся людзі.
«Зараз жа адыдзі», — прыйшоў яму ў тэлеграме загад куратара.
Лейтэнант Ступнікаў падышоў да групы кіроўцаў, якія курылі побач з машынамі, сказаў, што яму жывот скруціла і папрасіў вільготныя сурвэткі. Пасля гэтага адышоў за дрэвы непадалёк і прысеў, удаючы, што спраўляе патрэбу па-вялікаму. Праз імгненне па палігоне быў нанесены ракетны ўдар. Выбуховай хваляй мужчыну збіла з ног.
Калі ён падняўся, то ўбачыў дзясяткі забітых і параненых. Украінскі куратар папрасіў яго пацвердзіць вынікі атакі, скінуць фоты. «Што там здымаць, там адно мяса», — адказаў Леў. Пазней ён паведаміў, што загінулі 68 расійскіх вайскоўцаў, яшчэ 60 былі параненыя. Сярод забітых былі дзесяць афіцэраў, у тым ліку камандзір 36‑й мотастралковай брыгады палкоўнік Хусейн Мусаеў.
Гэта быў першы вялікі ўдар, які ўкраінскія сілы ажыццявілі з дапамогай інфармацыі расійскага лейтэнанта. За наступныя месяцы колькасць у выніку аперацый, ажыццёўленых у тым ліку дзякуючы інфармацыі ад Ступнікава, украінцы знішчылі некалькі соцень акупантаў.
Як высветлілі журналісты The Wall Street Journal, афіцэр не толькі перадаваў звесткі пра сваю брыгаду, але і наўмысна выводзіў са строю вайсковае абсталяванне. Пры гэтым ён працягваў служыць побач з людзьмі, супраць якіх фактычна працаваў.
З Вайсковай акадэміі на фронт заўчасна
Леў Ступнікаў вырас у сям'і былога савецкага вайскоўца, які скончыў службу ў Казахстане. Ён быў школьнікам, калі яго сям'я рэпатрыявалася з Казахстана ў Омск. У 17 гадоў ён паступіў у Вайсковую акадэмію сувязі імя Будзённага ў Санкт-Пецярбургу, аднак яшчэ падчас вучобы пачаў расчароўвацца ў войску.
Паводле яго слоў, у вайсковай сістэме квітнела карупцыя: за магчымасць пайсці ў звальненне, за магчымасць размеркавацца на лепшае месца службы — за ўсё трэба было даваць на лапу. А тэхніка была ўся дабітая. Малады чалавек хацеў звольніцца і пайсці працаваць фітнес-трэнерам. Але ў 2022 годзе дабіцца звальнення стала немагчыма.
Канчаткова яго стаўленне змянілася пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года. Ступнікава шакавалі паведамленні пра бамбаванні ўкраінскіх гарадоў і гібель мірных жыхароў. Тым часам у акадэміі курсантам рэгулярна зачытвалі бравурныя, шапказакідальніцкія зводкі з фронту і паказвалі прамовы Пуціна.
Курсант Леў Ступнікаў. Скрын відэа: dmytrokarpenko / YouTube
Леў не падтрымліваў вайны, але быў дастаткова разумны, каб прыхоўваць свае погляды. Некаторыя яго аднакурснікі спрабавалі звольніцца, аднак іх заявы месяцамі заставаліся без адказу. У красавіку 2022 года, на фоне патрэбы расійскага войска ў новых афіцэрах, яго разам з яшчэ прыкладна 450 курсантамі датэрмінова выпусцілі з акадэміі ў званні лейтэнанта. Ступнікава накіравалі служыць на Далёкі Усход Расіі.
У лістападзе 2023 года іх перакінулі на фронт. Яшчэ раней ён разам з маці, Таццянай Янцэн, кансультаваўся з праваабаронцамі наконт магчымасці пакінуць войска. Калі ж стала вядома пра адпраўку на фронт, жанчына прапанавала сыну збегчы ў Казахстан падчас перасадкі ў Маскве. Там жылі сваякі, якія маглі б яго прыняць.
Малады афіцэр не адважыўся. Ён баяўся наступстваў дэзерцірства і ў выніку прыбыў у 36‑ю асобную гвардзейскую мотастралковую брыгаду, якая дзейнічала ў Данецкай вобласці. У акупаванай вёсцы Мікільскае яго прызначылі начальнікам сувязі батальёна. На гэтай пасадзе ён меў доступ да інфармацыі пра размяшчэнне і перамяшчэнні падраздзяленняў, планы камандавання, а таксама да трансляцый з разведвальных беспілотнікаў і камер назірання.
У лютым 2024 года маці Ступнікава звязалася з Дзмітром Карпенкам — украінскім праграмістам, які супрацоўнічаў з ваеннай выведкай. Ён быў вядомы сваімі інтэрв'ю з расійскімі палоннымі на YouTube, а таксама збіраў інфармацыю ад расіян, гатовых дапамагаць Украіне.
З кастрычніка 2023 года Карпенка прапаноўваў па 250 тысяч рублёў (каля 2700 даляраў) за карысную вайсковую інфармацыю. Яму скідалі інфармацыю не толькі салдаты, але і супрацоўнікі дзяржаўных кампаній і нават расійскія ФСБшнікі.
Леў напісаў украінцу ў WhatsApp, назваў сваё званне, падраздзяленне і месца службы, а таксама паведаміў, што гатовы супрацоўнічаць і здацца ўкраінскім сілам. Яны дамовіліся рэгулярна абменьвацца інфармацыяй і выкарыстоўваць спецыяльны код для праверкі паведамленняў. Калі код адсутнічаў, гэта магло азначаць, што інфарматара выкрылі.
Карпенка прапанаваў Ступнікаву плаціць за перададзеныя звесткі, але расіянін катэгарычна адмовіўся ад грошай.
Удары па ўласнай брыгадзе і пагроза выкрыцця
Пасля першага ўдару па палігоне каля Вуглядара Ступнікаў працягнуў службу, удзельнічаў у эвакуацыі загінулых і параненых і рабіў выгляд, што сам атрымаў кантузію. ФСБ пачала праверку, у вайскоўцаў забіралі тэлефоны, але лейтэнант паспеў схаваць апарат, праз які звязваўся з украінцамі.
Нягледзячы на небяспеку, ён працягнуў перадаваць звесткі пра планы наступу, размяшчэнне падраздзяленняў, радыёчастоты і перамяшчэнні тэхнікі. Акрамя таго, займаўся сабатажам: адключаў камеры назірання і выводзіў са строю абсталяванне для кіравання беспілотнікамі.
У сакавіку 2024 года дзякуючы яго інфармацыі ўкраінцы нанеслі ўдар па сходзе афіцэраў брыгады. У маі УСУ атакавалі будынак былога гатэля, дзе знаходзіліся два штурмавыя падраздзяленні. Тады загінулі 20 вайскоўцаў, у тым ліку капітан. Яшчэ адной цэллю стаў камандны пункт падчас нарады кіраўніцтва.
Агулам, піша The Wall Street Journal, перададзеныя Ступнікавым звесткі дапамаглі ўкраінцам знішчыць больш за 300 расійскіх вайскоўцаў.
Пасля серыі дакладных удараў камандаванне пачало падазраваць: у батальёне ёсць крот. Да лета з тых афіцэраў, якія былі ў батальёне на момант прыбыцця Ступнікава і якія займаліся планаваннем аперацый, у жывых застаўся адзін ён: астатнія загінулі, былі параненыя або пераведзеныя. У чэрвені адзін з камандзіраў заявіў, што ў іх падраздзяленні, відаць, ёсць свой «Шцірліц», і паглядзеў на лейтэнанта.
Сам інфарматар аднойчы ледзь не загінуў праз памылку. У канцы мая ён памылкова перадаў украінцам каардынаты не таго месца, якое хацеў, а будынка, у якім знаходзіўся. Неўзабаве туды прыляцеў набой, частка сцен абвалілася, але мужчына выжыў.
На фоне ўзмацнення падазрэнняў далейшае знаходжанне ў расійскай брыгадзе станавілася ўсё больш небяспечным.
Пераход праз міннае поле пад наглядам украінскага дрона
У пачатку ліпеня 2024 года Карпенка паведаміў, што ўкраінцы падрыхтавалі план эвакуацыі свайго агента. У ноч на 6 ліпеня Ступнікаў пакінуў месца дыслакацыі са смартфонам і вайсковай радыёстанцыяй. Калі яго заўважыў расійскі салдат на назіральным пункце, афіцэр патлумачыў, што правярае камеры і радыёсувязь.
Далей яму трэба было перайсці замінаваную нейтральную паласу. Маршрут яму загадзя вызначылі ўкраінскія вайскоўцы, а падчас пераходу над участкам вісеў беспілотнік 72‑й брыгады УСУ, які сачыў за Ступнікавым праз цеплавізар.
Леў асцярожна перастаўляў ногі, каб не наступіць на міну, не зачапіць расцяжку, дарогу сабе ён падсвечваў тэлефонам. Яго ў любы момант маглі заўважыць і абстраляць як свае, так і ўкраінцы з іншых падраздзяленняў.
Шлях да ўкраінскіх пазіцый заняў 40 хвілін. Перад ім з бліндажа выраслі тры ўзброеныя постаці — яшчэ мацней на ўзводзе, чым ён сам. Ступнікаву запомнілася, што ў аўтаматчыка, які запытаў у яго пароль, рукі дрыжалі. А пароль да чаго абсурдны быў у гэтай шэрай зоне, спярэшчанай варонкамі і ўсеянай руінамі: «Крама з арэхамі».
Роўна ў 8 наступнага ранку Ступнікаў патэлефанаваў маці і сказаў, што дабраўся туды, дзе павінен быў быць. Гэта была іх умоўная фраза, якая азначала, што ўцёкі ўдаліся.
Леў Ступнікаў. Скрын відэа: dmytrokarpenko / YouTube
Па іншы бок фронту
Пасля пераходу на ўкраінскі бок Ступнікаў перадаў вайскоўцам тэлефон з доступам да трансляцый з расійскіх беспілотнікаў і камер назірання. Украінцы карысталіся гэтымі звесткамі яшчэ некалькі месяцаў.
Неўзабаве з ім сустрэўся Дзяніс Капусцін — камандзір Расійскага добраахвотніцкага корпуса (РДК), у якім расіяне ваююць на баку Украіны. Капусцін прапанаваў Льву далучыцца да корпуса ў якасці спецыяліста па сувязі. Аднак адразу папярэдзіў: калі ён пагодзіцца, то павінен будзе застацца ў падраздзяленні да заканчэння вайны.
Мужчына вагаўся. Пасля небяспечнай службы і ўцёкаў ён мог паспрабаваць пачаць мірнае жыццё за мяжой. Але ў той жа час разумеў, што нават за межамі Расіі можа стаць цэллю расійскіх спецслужбаў.
Адным з прыкладаў быў лётчык Максім Кузьмінаў, які ў 2023 годзе перагнаў расійскі верталёт ва Украіну і атрымаў за гэта ўзнагароджанне. Праз некалькі месяцаў яго застрэлілі ў Іспаніі.
Леў вырашыў, што заставацца ва Украіне для яго бяспечней, чым хавацца ў іншай краіне. Праз два дні пасля сустрэчы ён паведаміў Капусціну пра сваю згоду.
З таго часу былы начальнік сувязі расійскага батальёна служыць у падраздзяленні, якое ваюе супраць яго ранейшых таварышаў па службе.
Гэтае рашэнне разбурыла яго шлюб. Яшчэ падчас вучобы ў акадэміі ён ажаніўся. Пасля ўцёкаў ён прапанаваў жонцы пераехаць да яго, але тая адмовілася. Жанчына сказала, што хоча спакойнага жыцця, далей ад вайны і побач з бацькамі.
«Гэта была твая мара, а не мая», — напісала яна яму. Пасля гэтага жанчына перастала адказваць на паведамленні.
Пазней, калі гісторыя перабежчыка стала публічнай, жонку дапыталі расійскія следчыя. У размове з дзяржаўнымі СМІ яна назвала дзеянні мужа здрадай і заявіла, што ён здрадзіў не толькі краіне, але і ёй.
Леў Ступнікаў з жонкай у дзень шлюбу. Фота з сацыяльных сетак
А вось маці з малодшай сястрой былі абсалютна на баку сына і брата. Пасля пераходу на ўкраінскі бок афіцэр некаторы час лічыўся зніклым без вестак. Расійскае камандаванне не мела дакладных пацвярджэнняў, што ён жывы.
Карпенка тым часам дапамог арганізаваць выезд жанчыны і яе дачкі з Расіі. У лютым 2025 года яны праз Малдову дабраліся ва Украіну, дзе Таццяна ўпершыню за паўтара года сустрэлася з сынам. Аднак яна не разумела, навошта ён ізноў пайшоў ваяваць, калі нарэшце здолеў пакінуць расійскае войска.
На яе пытанне, ці сапраўды гэта іх вайна, Леў адказаў, што адчувае адказнасць за ўдзел у расійскім уварванні і лічыць абавязкам расіян дапамагчы спыніць яго.
Злева на права: Леў Ступнікаў, Дзяніс Капусцін і Дзмітрый Карпенка. Скрын відэа: dmytrokarpenko / YouTube
Цяпер былы лейтэнант працягвае службу ў РДК, займаецца вайсковай сувяззю. Сярод яго праціўнікаў і байцы той самай 36‑й брыгады, у якой ён раней служыў.