У цэнтры Мінска за амаль мільён даляраў прадаюць закінуты дзіцячы сад з 1950‑х
Побач з Асмалоўкай у Мінску ўжо шмат гадоў пустуе стары дзіцячы садок на вуліцы Кісялёва. У апошнія гады будынак належаў кампаніі «Лaдэ», аднак работ для яго аднаўлення так і не праводзілі. Цяпер двухпавярховы будынак выстаўлены на аўкцыён, піша Realt.by.
Будынак узвялі ў 1955 годзе па адрасе вуліца Кісялёва, 26, непадалёк ад «Белай вежы». Побач знаходзяцца характэрныя вуліцы Асмалоўкі, кавярні і пабы.
У савецкі час тут размяшчаліся яслі Мінскага радыёзавода. Яны, аднак, закрыліся яшчэ ў канцы 1980‑х гадоў. Агульная плошча былой дзіцячай установы складае 1015 квадратных метраў.
Будынак у стылі савецкага неакласіцызму мае два паверхі і сутарэнне. Фундамент жалезабетонны, вонкавыя і ўнутраныя сцены, а таксама перагародкі мураваныя, перакрыцці драўляныя, дах металічны. У будынку ёсць цэнтральнае водазабеспячэнне, ацяпленне, каналізацыя і электрычнасць. Таксама ўсталяваная сістэма відэаназірання. Побач знаходзіцца асобны гараж.
Папярэдні ўласнік планаваў рэканструяваць будынак пад аб’ект аховы здароўя і выканання паслуг, але ажыццявіць задуманае не ўдалося.
Разам з будынкам новы ўласнік атрымае ў арэнду зямельны надзел плошчай 42 соткі. Дамова арэнды будзе дзейнічаць да 2048 года.
Пачатковы кошт аб’екта складае 3 мільёны рублёў — каля 997 тысяч даляраў паводле курсу Нацыянальнага банка Беларусі. Аўкцыён прызначаны на 9 лістапада.
Чытайце таксама:
Улады збіраюцца зменшыць колькасць аўкцыёнаў пры продажы арэнднага жылля
Шляхецкую сядзібу сярэдзіны XIX стагоддзя з Валожынскага раёна прадалі на аўкцыёне