БЕЛ Ł РУС

Зорка серыяла «Ва ўсе цяжкія» Ар-Джэй Міт памёр ва ўзросце 34 гадоў

13.10.2026 / 07:06

Nashaniva.com

Міт, які меў дзіцячы цэрэбральны параліч, выкарыстоўваў уласны жыццёвы досвед падчас працы над роляй у серыяле, адзначаным прэміяй «Эмі».

Фота: Unique Nicole/Getty Images

Амерыканскі акцёр Ар-Джэй Міт (RJ Mitte), найбольш вядомы па ролі сына Уолтэра Уайта ў драматычным тэлесерыяле «Ва ўсе цяжкія» (Breaking Bad), памёр ва ўзросце 34 гадоў, піша Бі-бі-сі.

«З глыбокім смуткам мы паведамляем пра трагічную смерць любімага актора, філантропа і актыўнага змагара за правы людзей з інваліднасцю Ар-Джэя Міта», — заявіў Бі-бі-сі ягоны агент.

Акцёр памёр у горадзе Браўнсвіл у амерыканскім штаце Тэхас. Прычына смерці не паведамляецца.

Міт, які меў дзіцячы цэрэбральны параліч, выкарыстоўваў уласны жыццёвы досвед падчас працы над роляй у серыяле, адзначаным прэміяй «Эмі».

Разам з ім у праекце здымаліся Браян Крэнстан і Аарон Пол.

У 2014 годзе ён атрымаў прэмію Гільдыі кінаакцёраў ЗША за працу ў гэтым праекце.

«Міт надаў сваёй ролі праўдападобнасць і выкарыстаў сваю вядомасць, каб прыцягнуць увагу да праблем людзей з інваліднасцю і пытанняў інклюзіі», — сказаў Бі-бі-сі ягоны прадстаўнік Шон Рэйлі.

Міт таксама быў амбасадарам арганізацый United Cerebral Palsy і Shriners Children's.

Акрамя таго, ён заснаваў фонд The Mitte Foundation для падтрымкі дабрачыннай дзейнасці і грамадскіх ініцыятыў, «каб змагацца са стэрэатыпамі і спрыяць больш шырокаму прадстаўленню інтарэсаў людзей з інваліднасцю», — адзначыў Рэйлі.

Серыял «Ва ўсе цяжкія» выходзіў у ЗША на працягу пяці сезонаў — з 2008 да 2013 года. Драма, якую лічаць адным з найлепшых амерыканскіх тэлесерыялаў XXI стагоддзя, атрымала 58 намінацый на прэмію «Эмі» і заваявала 16 узнагарод.

Ар-Джэй Міт нарадзіўся і вырас у штаце Луізіяна. Ён быў яшчэ падлеткам, калі праходзіў кастынг на знакавую ролю Уолтэра Уайта-малодшага — персанажа, які таксама меў цэрэбральны параліч.

У Лос-Анджэлес Міт пераехаў у 2005 годзе, каб падтрымаць акцёрскую кар’еру сваёй малодшай сястры. Ён расказваў, што першыя пробы праходзіў для сацыяльнай рэкламы штата Каліфорнія, скіраванай на барацьбу з ужываннем метамфетаміну.

«А цяпер пяройдзем да кастынгу на «Ва ўсе цяжкія» — серыял, які, на маю думку, таксама ў пэўным сэнсе з’яўляецца антынаркатычным праектам, бо ні для каго з герояў гэтая гісторыя не заканчваецца добра», — сказаў ён у пачатку гэтага месяца ў падкасце папулярнага блогера Джо Вулпіса.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула