БЕЛ Ł РУС

Ураджэнец Беларусі выканаў «Дзень Перамогі» ў аэрапорце Варшавы — і трапіў ва ўкраінскую базу «Міратворац»

12.10.2026 / 13:16

Nashaniva.com

Ролік музыка назваў «Рэакцыя палякаў неацэнная», заўважыў «Мост». 

Іван Каралькевіч апублікаваў у Instagram відэа з аэрапорта Варшавы, дзе на раялі, даступным для ўсіх ахвотных, выканаў савецкую песню «Дзень Перамогі». Учынак выклікаў шмат спрэчак, а ўкраінскі цэнтр унёс музыканта ў базу «Міратворац».

Іван Каралькевіч — баяніст і акардэаніст родам з Беларусі, але шмат гадоў жыве ў Маскве. «Міратворац» сцвярджае, што ў яго беларускае грамадзянства.

На відэа відаць, што песня не выклікае ў іншых пасажыраў ні захаплення, ні непрымання. Яны праходзяць міма, зрэдку пазіраючы на выканаўцу. Тым не менш ролік на YouTube Каралькевіч назваў «Рэакцыя палякаў неацэнная».

«Улічваючы цяперашнюю абстаноўку, я доўга не думаючы ўзяў і праспяваў песню «Дзень Перамогі», — напісаў ён.

Пераважная большасць каментатараў у сацсетках — галоўным чынам расіян — выказваюць музыканту падтрымку. Многія адзначаюць, што ён зрабіў вельмі смелы ўчынак, і нават цікавяцца, ці ўсё ў яго цяпер добра. Іншыя прапануюць арганізаваць падобныя акцыі ва ўсіх аэрапортах Еўропы.

Некаторыя мяркуюць, што для цяперашняга пакалення палякаў выкананая песня — усяго толькі твор, пра сэнс якога яны не здагадваюцца.

Толькі асобныя каментатары звярнулі ўвагу музыканта на недарэчны выбар.

«СССР напаў на Польшчу з розніцай у два тыдні… Чым вы ганарыцеся, граючы гэтую песню???? Саюзам і парадамі з фашыстамі?» — напісала адна з карыстальніц.

«СССР у 1939 годзе захапіў палову Польшчы, уключаючы Брэст, адзначыўшы гэта сумесным парадам з нямецкімі войскамі, потым у 1940 годзе ў Катыні і іншых месцах расстраляў больш за 20 000 палякаў — цвет нацыі, а потым, у 1944-м, пры вызваленні Польшчы Чырвоная армія падставіла пад поўнае знішчэнне войска Арміі Краёвай, рыхтуючы Польшчу да савецкага пратэктарату. Цікава, як пасля гэтага палякі павінны да нас ставіцца?» — задаецца пытаннем яшчэ адзін карыстальнік.

На сайце ўкраінскага цэнтра «Міратворац» Каралькевіч названы правакатарам і ўдзельнікам інфармацыйна-прапагандысцкай акцыі Расіі ў аэрапорце Варшавы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула