Вытворца легендарнага рыжскага бальзаму можа збанкрутаваць
Завод легендарнага рыжскага бальзаму сутыкнуўся з фінансавымі цяжкасцямі. Адной з прычын стала падзенне спажывання алкаголю.
Рыжскі бальзам. Фота: вытворца
Акцыянеры латвійскага вытворцы алкагольных напояў Amber Latvijas balzams на сходзе ў пачатку лістапада збіраюцца разгледзець пытанне пра далейшую дзейнасць кампаніі і магчымае ініцыяванне працэдуры неплатаздольнасці, піша Office Life.
Вытворца легендарнага рыжскага бальзаму сутыкнуўся з фінансавымі цяжкасцямі праз праблемы на ўнутраным і вонкавым рынках. Адной з прычын стала падзенне спажывання алкаголю. Асабліва моцна ўпалі продажы рыжскай прадукцыі на Кіпры, які з’яўляецца галоўным рынкам збыту для завода.
Таксама на сітуацыю паўплывала павышэнне ставак акцызаў, якія зрабілі алкаголь у Латвіі адным з найбольш дарагіх у ЕС.
У выніку ў першым паўгоддзі гэтага года абарот прадпрыемства скараціўся на траціну і склаў 24,6 млн еўра. Пры гэтым паведамляецца, што запазычанасць вытворцы па падатках перавысіла 28 млн еўра.
З мэтай аптымізацыі вытворчасці кампанія ўжо перанесла частку плошчаў у Літву, дзе цяпер вырабляюць шампанскае гэтага брэнда.