БЕЛ Ł РУС

Ці сапраўды моладзь менш цікавіцца сэксам? Вось што паказала даследаванне Playboy

11.10.2026 / 20:20

Nashaniva.com

60% баяцца адмовы, і таму не заводзяць адносіны. Пры гэтым моладзь шмат цалуецца.

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Часопіс Playboy разам з сэрвісам у сферы рэпрадуктыўнага здароўя Julie і Інстытутам Кінсі правёў даследаванне пра інтымнае жыццё пакалення зумераў. Яны апыталі 2 373 жыхароў ЗША ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў. Галоўнае пытанне: ці сапраўды пакаленне Z не цікавіцца сэксам?

Пятая частка рэспандэнтаў ніколі не мела сэксу, а яшчэ пятая мела 10 і больш партнёраў.

Але моладзь шмат цалуецца: амаль штодня гэта робяць 48,5%. Але 40% за апошнія тры месяцы не мелі вагінальнага сэксу. Нізкая актыўнасць тычыцца і мастурбацыі: 36% не займаліся ёю за апошнія тры месяцы.

Пры гэтым сэксуальнае жаданне ў моладзі ёсць. Што тады замінае?

Адна з прычын — мала магчымасцяў пазнаёміцца. 66,5% рэспандэнтаў адчуваюць, што ім не хапае магчымасцяў сустрэць партнёра ўжывую. Да таго ж многія стаміліся ад дэйтынг-праграм.

60% баяцца адмовы. Адзін з рэспандэнтаў кажа, што амаль усе яго знаёмыя пакутуюць ад сацыяльнай трывожнасці, і пазнаёміцца цяжка, калі баішся нават загаварыць з чалавекам. 

Яшчэ важная прычына — грошы. 43% кажуць, што фінансавыя праблемы ўскладняюць спатканні або падтрыманне адносін. 39% праз грошы ўвогуле радзей шукаюць стасункаў. Яшчэ 39% адзначаюць, што кошт спатканняў абмяжоўвае іх магчымасці для рамантыкі і сэксу.

Бадай, самы яскравы чыннік — жыццё з бацькамі. Траціна рэспандэнтаў жыве з бацькамі, і з іх 64% не мелі сэксу за апошнія тры месяцы. Для параўнання: сярод тых, хто жыве з суседзямі ў кватэры, такіх 38%, а сярод тых, хто жыве адзін, 27%.

Чвэрць кажа, што бацькі ўсё яшчэ вызначаюць для іх строгія правілы і кантралююць, што ім можна рабіць.

Не ўсе партнёры гатовыя сустракацца з чалавекам, які жыве з бацькамі. Адна рэспандэнтка расказвае, як хлопец вырашыў, што ў яе ёсць «каменданцкая гадзіна».

64% самотных кажуць, што цяпер аддаюць прыярытэт іншым сферам дарослага жыцця: вучобе, працы, выплаце пазык. Сэкс і спатканні адкладаюцца на потым.

34% маладых людзей кажуць, што порна цалкам задавальняе іх сэксуальныя жаданні.

Для іх гэта прасцей, даступней і менш патрабуе эмоцый, чым рэальныя стасункі. Адзін 28‑гадовы рэспандэнт, які вярнуўся да бацькоў падчас пандэміі і з таго часу не меў сэксу, кажа, што порна ў многім замяніла яму інтымнае жыццё.

Пры гэтым большасць маладых людзей, якія ў адносінах, задаволеныя сваім інтымным жыццём. Аўтары даследавання робяць выснову, што «мала сэксу» звязана з недахопам магчымасцяў, а не жадання.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула