БЕЛ Ł РУС

«Вайб Пецярбурга». Расійскі рэжысёр паставіў у Купалаўскім «Сэрца на далоні» па Шамякіну — водгукі палярныя

9.10.2026 / 13:01

Nashaniva.com

Каб разрэкламаваць спектакль, запрасілі нават фуд-блогера Какабая.

Фота: «Мінск-Навіны»

«Сэрца на далоні» ў прачытанні расійскага рэжысёра Дзмітрыя Акімава, які зараз займае ў Купалаўскім тэатры пасаду мастацкага кіраўніка, адрозніваецца ад першакрыніцы — гэта інсцэніроўка па тэме, што адразу падкрэслілі падчас працы над спектаклем.

У інтэрв’ю дзяржаўным журналістам Акімаў дзяліўся, што адначасова з «Сэрцам на далоні» разглядаў для пастаноўкі іншы твор пісьменніка, пра Чарнобыль — «Злая зорка», але першы «аказаўся бліжэй да сэрца».

Кіраўніцтва тэатра абяцае, што Шамякін — гэта толькі пачатак у іх новым падыходзе да рэпертуару.

«У планах — пабудаваць рэпертуарную палітыку Купалаўскага з апорай на нацыянальную культуру і літаратуру», — каментаваў Акімаў, забыўшы ці не ведаючы, што так у Купалаўскім было гістарычна, ажно да падзей 2020 года.

Раман Шамякіна «Сэрца на далоні» расказвае пра падзеі пасля 20 гадоў з моманту сканчэння Другой сусветнай вайны, канцэнтруючыся на лёсе доктара Савіча і яго рэпрэсаванай дачкі Зосі. Па словах гледачоў, якія ўжо наведалі прэм’еру, у пошуку новага прачытання рэжысёр згубіў логіку і жывыя эмоцыі першакрыніцы.

Фота: «Мінск-Навіны»

«Упершыню ў жыцці сышлі са спектакля, дачакаліся сканчэння першай дзеі. Больш дакладна б не вытрымалі, нават з павагі да акцёраў», — падзялілася водгукам адна заўсёдніц тэатральных прэм’ер у Threads.

На думку глядачкі, пастаноўка была перагружаная гучнай музыкай, а галоўных персанажаў пазбавілі харызматычнасці і характараў.

«Які выбуховы Кірыл Шыковіч у Шамякіна — харызматычны, ён ідзе напралом. Як дзёрзка ён дазваляе сабе спрачацца з Гуканом. На сцэне ж персанаж выглядае пасіўным і мяккім, што цалкам абясцэньвае змаганне Шыковіча за праўду. Маё суб'ектыўнае меркаванне: лепш пачытайце сам твор Шамякіна».

Афіша «Сэрца на далоні»

«Шыкоўная рэжысёрская і акцёрская праца, музыка, святло, дэкарацыі — усе пазлы склаліся ў якасны спектакль, у нейкую гіпнатычную магію. З першых хвілін я злавіла вайб пастаноўкі, якую бачыла ў Санкт-Пецярбургу ў тэатры Таўстаногава», — мае зусім іншыя ўражанні тэатральная блогерка Ірына Валошчык. Пры гэтым яна дадае, што пастаноўка «не для ўсіх»: «камусьці, магчыма, падасца сумнай».

«Класічны беларускі раман сустракаецца з традыцыяй рускага псіхалагічнага тэатра», — сфармулявала ўражанні ад прэм’еры яшчэ адна беларуска.

Блогеры, запрошаныя на здачу спектакля, у голас рэкламавалі пастаноўку «як тое, што трэба пабачыць», адзначаючы кінематаграфічнасць і эфектнасць навінкі ў Купалаўскім.

«Да слёз», — быў лаканічным фуд-блогер Какабай.

«Для тых, хто цэніць цяжкія спектаклі і думаць, а не толькі візуальна ўзбуджацца», — пракаментавала Ксенія Вяцкая, інфлюенсерка, якая таксама спецыялізуецца на тэме ежы.

Для некаторых патэнцыйных гледачоў запрашэнне нетэатральных блогераў для прома-кампаніі спектаклю стала чырвоным сцягам, пасля якога яны вырашылі прэм’еру не наведваць.

Сцэна са спектакля. Фота: kupalauski.by

Сцэна са спектакля. Фота: kupalauski.by

Каманда, якая працавала над прэм’ерай. Фота: kupalauski.by

Як заўважыў у сацсетках крытык Дзяніс Марціновіч, навідавоку актуальная праблема для сённяшняй тэатральнай сцэны.

«На прэм’еру запрасілі блогераў, і зараз увесь «Трэдс» у іх пастах пра тое, як усё шыкоўна. Прычым ніводнага ўцямнага аргумента няма, проста набор пафасных слоў. Я нават магу тэарэтычна дапусціць, што спектакль атрымаўся. Але ж дакажыце, патлумачце чаму. Зрэшты, такімі тлумачэннямі і займаецца тэатральная крытыка, а яе цяпер амаль няма».

Акрамя «Сэрца на далоні», у новым сезоне Купалаўскі запрашае на паказы «Брамы неўміручасці» па Кандрату Крапіве, «А зоры тут ціхія» па аднайменнай аповесці Барыса Васільева, «Замка Альшанскага» паводле Уладзіміра Караткевіча, «Паўлінкі» Янкі Купалы, «Вечара» па Аляксею Дудараву, «Пісаравых імянін» па п’есе беларускага драматурга Уладзіслава Галубка і іншае. Сучасных беларускіх аўтараў сярод таго, што выбірае тэатр у працу, не назіраецца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула