БЕЛ Ł РУС

«Альбо гарэлая, альбо сухая». Беларусы крытыкуюць бульбу фры ў «Мак.бай»

9.10.2026 / 15:36

Максім Сыраежка

Бульба ў «Мак.бай», пасля таго як адмовіліся ад імпартнай, завозіцца з Талачына. Наведвальнікі рэстарана хуткага харчавання наракаюць: ці то сорт не той, ці то работнікі яе смажыць не ўмеюць.

Так выглядае бульба-фры ў Мак.by. Фота: threads.com

«Мы неяк будзем абмяркоўваць бульбу фры з Mak.by? Гэта ж кашмар», — напісала адна з карыстальніц Threads.

У каментарах высветлілася, што да бульбы фры ў беларускай сетцы хуткага харчавання ў наведвальнікаў нямала прэтэнзій.

«Самому купіць замарожаную і закінуць у аэрагрыль атрымліваецца лепш»

Частка каментатараў пагадзілася, што якасць бульбы пакідае жадаць лепшага.

«Абсалютны кашмар. З дзесяці разоў дай божа, каб два былі смачныя. Астатнія — альбо гарэлыя, альбо сухія, альбо адзін тлушч. Задзяўбалі, буду цяпер заўсёды правяраць на касе і рабіць вяртанне», — абураецца адна з наведвальніц.

«Самому купіць замарожаную і закінуць у аэрагрыль атрымліваецца лепш. Але я б не сказаў, што проста кашмар», — лічыць іншы ўдзельнік дыскусіі.

Некаторыя скардзяцца не толькі на смак, але і на тэмпературу стравы.

«За апошнія разоў дваццаць, можа, адзін раз была рэальна гарачая, салёная і смачная. Выкінутыя грошы», — напісаў яшчэ адзін карыстальнік.

Зрэшты, ёсць і тыя, хто лічыць, што праблема не столькі ў самой бульбе, колькі ў тым, як яе гатуюць і падаюць.

«Бульба фры смачная. Але нешта зламана ў працэсах — рэгулярна даюць размякчэлую і астылую. Прашу перарабіць, і заўсёды без праблем робяць свежую», — падзяліўся досведам наведвальнік.

«З арыгінальным «Макдональдсам» розніца каласальная»

Асобная дыскусія разгарнулася вакол параўнання беларускага «Мак.бай» з «Макдональдсам».

«Я таксама думала, што «больш-менш» і прызвычаілася да нашай, але нядаўна была ў арыгінальным «Макдональдсе». Розніца каласальная, наша бульба нібы вараная», — напісала аўтарка допісу.

Яе падтрымала іншая жанчына, якая нядаўна наведала «Макдональдс» у Вільні.

«Наша бульба вельмі дрэнная. І гэта ў Беларусі не могуць зрабіць бульбу», — здзіўляецца яна.

Яшчэ адзін каментатар згадаў часы, калі ў Беларусі працаваў «Макдональдс».

«Калі ў нас быў «Макдональдс», бульба была ледзь не найлепшая. Пасля пераходу на «Мак.бай» — абсалютна дрэнная. Адзіны плюс быў, што пасля пераходу там соусы сталі таксама нашай вытворчасці і былі ў два разы таннейшыя. Аднак за гады патроху і яны выраўняліся [у цане], вытворца застаўся той жа».

Зрэшты, не ўсе ўдзельнікі дыскусіі пагадзіліся з крытыкай. А бульбу па-вясковаму наогул хваляць.

Бульба ў «Мак.бай» цяпер пастаўляецца з Талачынскага кансервавага завода. Для бульбы фры выкарыстоўваецца сорт «Інаватар», а для рэцэпта па-вясковаму — «Юлія» і «Мастак».

Чытайце таксама:

«Мы не ўмеем, мы не можам, ах і ох…!» Як Лукашэнка, Эйсмант і Снапкоў прыдумлялі меню для новага «Макдональдса» і вучылі пячы булачкі

Як адчыняўся «МакДональдс» у Беларусі ВІДЭА

Mak.by не сам прыдумаў замену «амерыкана», а купіў ужо гатовы брэнд

Каментары да артыкула