Украінскага дэпутата Ганчарэнку выключылі з фракцыі «Еўрапейская салідарнасць»
Фракцыя Вярхоўнай Рады «Еўрапейская салідарнасць», згуртаваная вакол былога прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, заявіла пра выключэнне народнага дэпутата Аляксея Ганчарэнкі са свайго складу. У палітычнай сіле патлумачылі гэта ідэалагічнымі рознагалоссямі, заявіўшы, што публічныя пазіцыі дэпутата наконт завяршэння вайны і будучай сістэмы бяспекі Украіны разыходзяцца з пазіцыяй фракцыі.
Аляксей Ганчарэнка. Фота: сацыяльныя сеткі палітыка
У «Еўрапейскай салідарнасці» адзначылі, што праз гэтыя разыходжанні прынялі рашэнне больш не працягваць сумесны палітычны шлях з Ганчарэнкам. Пры гэтым там падкрэслілі, што гэта не перакрэслівае гадоў сумеснай працы, але партыйнае адзінства, на іх думку, не можа быць фармальнасцю, калі існуюць прынцыповыя рознагалоссі наконт будучыні дзяржавы.
У фракцыі заявілі, што іх зыходная пазіцыя застаецца нязменнай: мір не павінен дасягацца коштам адмовы ад таго, дзеля чаго і дзякуючы чаму Украіна здолела выстаяць у вайне. На думку «Еўрапейскай салідарнасці», кампрамісы могуць быць часткай шляху да завяршэння вайны, але незалежнасць Украіны, яе еўрапейская будучыня, пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці і права самастойна вызначаць уласную сістэму бяспекі не могуць быць прадметам кампрамісу.
Прычынай канфлікту сталі, у прыватнасці, заявы Ганчарэнкі наконт магчымых перамоў з Расіяй. 2 кастрычніка ён апублікаваў у сваім тэлеграм-канале некалькі допісаў, у якіх, сярод іншага, заклікаў «дамовіцца з РФ». Паводле яго меркавання, адразу дамовіцца пра мір немагчыма, але можна рухацца паступова — напрыклад, спачатку дамовіцца пра спыненне ўдараў па партах, а затым пераходзіць да іншых пытанняў. Ён заклікаў «дамаўляцца пра ўсё на свеце».
У той жа дзень «Еўрапейская салідарнасць» заявіла, што мір павінен спыніць вайну, але не можа азначаць капітуляцыю ўкраінскай дзяржаўнасці і ідэнтычнасці.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, каментуючы заклікі асобных народных дэпутатаў спыніць баявыя дзеянні і пачаць перамовы з Расіяй, заявіў, што Украіна не можа «прагінацца» пад Расію, бо гэта прывядзе да яе «злому».
Дэпутат Аляксей Ганчарэнка вядомы сярод іншага сваёй паслядоўнай крытыкай рэжыму Лукашэнкі, падтрымкай беларускага дэмакратычнага руху і Палка Каліноўскага. У свой час Ганчарэнка ініцыяваў збор подпісаў пад петыцыяй з заклікам разарваць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю і заклікаў прызнаць Беларусь акупаванай тэрыторыяй.
Чытайце таксама:
Ва ўкраінскай Вярхоўнай Радзе заклікалі прызнаць Беларусь акупаванай тэрыторыяй
Ва Украіне збіраюць подпісы за разрыў дыпламатычных адносін з Беларуссю