БЕЛ Ł РУС

У Мінску пабудуюць новыя пуцеправоды і разгрузяць Партызанскі праспект

5.10.2026 / 20:25

Nashaniva.com

У Мінску ў найбліжэйшыя гады плануюць пабудаваць некалькі новых пуцеправодаў і дарог, якія павінны палепшыць транспартныя сувязі паміж раёнамі сталіцы і зменшыць нагрузку на асобныя магістралі, паведамляе прэс-служба Мінгарвыканкама.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Wikimedia Commons

Як паведаміў на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме дырэктар УП «Мінскінжпраект» Аляксей Гаворка, цяпер будуецца пуцеправод ад вуліцы Калеснікава да вуліцы Ціміразева. Акрамя таго, завулак Калеснікава працягнуць да Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі, а на вуліцы Ціміразева ўжо пачалася рэканструкцыя.

Таксама праводзяцца перадпраектныя распрацоўкі будаўніцтва пуцеправода паміж вуліцамі Сярова і Шпілеўскага. Ён павінен злучыць Кастрычніцкі і Ленінскі раёны Мінска. Падрыхтаваць праектную дакументацыю плануюць у наступным годзе, а будаўніцтва пачаць у 2027—2028 гадах.

Яшчэ адзін праект прадугледжвае будаўніцтва дарогі ад вуліцы Свіслацкай да вуліцы Сяліцкага. Новы ўчастак створыць дадатковы выезд да Свабоднай эканамічнай зоны «Мінск» і ў раён вуліцы Сяліцкага, а таксама павінен прыняць на сябе частку транспартнай плыні з Партызанскага праспекта. Праектную дакументацыю для гэтага аб'екта плануюць падрыхтаваць да канца 2026 года.

Па словах Аляксея Гаворкі, новыя і рэканструяваныя аб'екты інжынерна-транспартнай інфраструктуры ствараюцца для таго, каб зрабіць перамяшчэнне па сталіцы больш зручным для жыхароў і гасцей Мінска.

Чытайце таксама:

У Мінску збіраюцца ўзвесці некалькі мастоў

Мост на «Ждановічах» ужо асфальтуюць. Што адбываецца на будоўлі?

Важны мост пад Мінскам закрыюць на рэканструкцыю

Каментары да артыкула