БЕЛ Ł РУС

Улады Францыі закрываюць сотні школ з-за пратэстаў, што не спыняюцца

5.10.2026 / 14:41

Nashaniva.com

У панядзелак, 6 кастрычніка, у Францыі цалкам або часткова спыняць заняткі ў 400—500 школах. Улады заяўляюць, што не могуць гарантаваць бяспеку на фоне масавых пратэстаў навучэнцаў, якія скардзяцца на недахоп настаўнікаў, перапоўненыя класы і кепскі стан школьных будынкаў, піша ВВС.

Фота: AP Photo / Laurent Cipriani

Пра закрыццё навучальных устаноў паведаміў міністр адукацыі Францыі Эдуар Жэфрэ. Паводле яго, з пачатку пратэстаў 24 школы былі падпаленыя або разрабаваныя, 78 супрацоўнікаў сістэмы адукацыі атрымалі раненні.

«Гэта тое, чаго мы ніколі раней не бачылі», — сказаў міністр.

Пратэсты пачаліся 17 верасня ў адной з парыжскіх школ, а пазней перараслі ў агульнанацыянальныя акцыі з удзелам тысяч людзей. Падчас сутыкненняў паліцыя ўжывала слезацечны газ і дубінкі.

Паводле міністра юстыцыі Жэральда Дарманена, у той ці іншай ступені ад беспарадкаў пацярпелі 735 з 3700 французскіх школ. Міністр адукацыі паабяцаў, што заняткі будуць аднаўляцца паступова, калі сітуацыя стабілізуецца.

Жэфрэ сцвярджае, што да пратэснага руху далучыліся радыкальныя актывісты: «Ёсць актывісты — у прыватнасці, з ультралевага лагера, — якія праніклі ў рух старшакласнікаў, фактычна адабралі яго ў саміх навучэнцаў і звяртаюцца да крайняга гвалту. Відавочна, што гэта стварае небяспеку як для нашых супрацоўнікаў, так і для вучняў».

Толькі ў пятніцу паліцыя затрымала 1747 чалавек. Агулам з пачатку пратэстаў былі затрыманыя больш за пяць тысяч чалавек, каля 85% з іх — непаўналетнія.

У горадзе Ла-Сьёта на поўдні Францыі затрымалі 16‑гадовага падлетка, якога падазраюць у нападзе на 59‑гадовага настаўніка. Паводле паведамленняў медыя, педагога збілі і аблілі бензінам.

У Бельфоры група падлеткаў збівала нагамі паліцэйскага, які ляжаў на зямлі. Па гэтай справе затрымалі двух грамадзян Балгарыі ва ўзросце 15 і 17 гадоў. Адзін з іх пазней сам падаў заяву аб замаху на забойства з боку паліцэйскага.

Арганізатары заклікалі працягнуць дэманстрацыі ў аўторак, абвінаваціўшы ўрад у адсутнасці канкрэтных крокаў.

Прэм’ер-міністр Себасцьен Лекарню паабяцаў палепшыць матэрыяльную базу школ, арганізацыю навучальнага дня і працу платформы для паступлення ва ўніверсітэты.

Французскае аддзяленне Amnesty International асудзіла «непрапарцыйны гвалт з боку паліцыі» і запатрабавала дазволіць моладзі свабодна выказваць незадаволенасць.

«Улады павінны дазволіць маладым людзям карыстацца гэтымі правамі, не баючыся трапіць пад дзеянне гранат са слезацечным газам або дубінак, а таксама адвольнага затрымання паліцыяй», — заявіла кіраўніца арганізацыі Ан Савінель-Барас.

Міністр унутраных спраў Ларан Нуньес адхіліў абвінавачанні. Паводле яго, сілавікі «не пераследуюць маладых людзей», а абараняюць тых школьнікаў і студэнтаў, якія хочуць выказаць свае патрабаванні мірным шляхам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула