Мінпрыроды хоча, каб раённыя чыноўнікі не забаранялі купацца ў вадаёмах без тлумачэння
У Докшыцкім раёне на амаль 100 вадаёмаў дазволеных месцаў толькі два — абсурд.
Фота:AP Photo Mindaugas Kulbis
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падрыхтавала праект пастановы Савета міністраў «Аб дзейнасці ў галіне аховы і выкарыстання вод». Праект і абгрунтаванне да яго апублікаваныя на партале forumpravo.by. Пастанова павінна ўступіць у сілу 1 студзеня 2027 года разам з новай рэдакцыяй Воднага кодэкса.
Чатыры месцы для купання на 102 рэкі і вадаёмы
У абгрунтаванні міністэрства прызнае, што мясцовыя ўлады забараняюць купанне без адзінага падыходу і ў асноўным не тлумачаць, чаму.
Як прыклад прыводзяцца тры раёны. У Докшыцкім раёне з насельніцтвам 19 630 чалавек вызначаныя толькі чатыры месцы для купання. Купацца ў іншых месцах забаронена. Пры гэтым, паводле дзяржаўнага воднага кадастру, у раёне 55 вадацёкаў і 47 вадаёмаў. Хто купаецца ў іх па-за чатырма дазволенымі месцамі, рызыкуе атрымаць адміністрацыйную адказнасць.
У Асіповіцкім раёне з насельніцтвам 42 273 чалавекі пакінулі два месцы для адпачынку на вадзе. Купацца ў іншых месцах таксама забаронена. Усяго ў раёне 40 вадацёкаў і 41 вадаём.
У Рэчыцкім раёне ў студзені 2024 года вызначылі два месцы для адпачынку, а купацца забаранілі ў 23 вадацёках і 13 вадаёмах. Усяго ў раёне 44 вадацёкі і 53 вадаёмы. Паводле міністэрства, гэта стварае «нявызначанасць» са статусам астатніх.
Міністэрства спасылаецца на ратавальнікаў: людзі тонуць найперш не праз стан вадаёма (няроўнае дно, хуткую плынь, круты бераг), а праз ап'яненне, пераацэнку сваіх сіл і жаданне «прадэманстраваць сваю смеласць». У 2025 годзе з 50 чалавек, якія патанулі непасрэдна падчас купання, 68% былі п'яныя. Калі гінуць непаўналетнія, адной з галоўных прычын застаецца тое, што дарослыя пакінулі іх без нагляду.
Паводле міністэрства, калі з'явяцца дадатковыя месцы для купання, раёны стануць больш прывабнымі для турыстаў, а на існуючыя месцы адпачынку будзе менш нагрузкі.
Што будзе лічыцца небяспечным
Праект уводзіць пералік крытэрыяў небяспекі для жыцця і здароўя. На іх падставе мясцовыя ўлады змогуць забараняць або абмяжоўваць купанне, плаванне на лодках і забор вады для гаспадарча-пітных патрэб. Небяспечным для купання і забору вады будзе лічыцца выкарыстанне:
- вадаёмаў, дзе якасць вады не адпавядае гігіенічным нарматывам;
- абводненых кар'ераў, меліярацыйных каналаў, сажалак-капанак і тэхналагічных вадаёмаў;
- вадаёмаў у санітарна-ахоўных зонах аб'ектаў, якія ўздзейнічаюць на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе, а таксама ў ахоўных зонах электрасетак;
- месцаў бліжэй за 100 метраў ад партоў, прычалаў і гідратэхнічных збудаванняў, а таксама суднавага ходу і месцаў бліжэй за 50 метраў ад яго мяжы;
- месцаў бліжэй за 1000 метраў ад выпуску гаспадарча-бытавых і вытворчых сцёкаў і бліжэй за 500 метраў ад выпуску ліўневых сцёкаў;
- раёнаў, дзе прагназуюць небяспечныя з'явы надвор'я аранжавага і чырвонага ўзроўню.
Забароны змогуць уводзіць на ўвесь вадаём або на яго частку, часова або бестэрмінова. Стан вадаёмаў павінны будуць ацэньваць не радзей за раз на год, да пачатку купальнага сезона, а таксама пазапланава.
Вадаёмы ў арэнду
Новы Водны кодэкс дазваляе здаваць вадаёмы або іх часткі ў арэнду для адпачынку, спорту і турызму. Паводле абгрунтавання, гэта робіцца ў межах дзяржаўнай стратэгіі прасоўвання «нацыянальнага турыстычнага брэнда».
Арандатарам можа быць толькі юрыдычная асоба.
Не дазволяць здаваць у арэнду частку вадаёма, да якой прылягае адзіны або адзіны добраўпарадкаваны падыход да вады. Таксама нельга будзе браць у арэнду рыбалоўныя ўгоддзі і месцы пражывання відаў з Чырвонай кнігі. Асобнай нормы пра свабодны доступ людзей да вадаёма, арандаванага для адпачынку, у праекце няма. Такую норму дадаюць толькі ў правілы арэнды сажалак і кар'ераў для рыбагадоўлі: там арандатар не зможа перашкаджаць людзям падыходзіць да вады, але зможа забараніць лавіць рыбу.