БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік нямецкай разведкі лічыць, што Германія можа аказацца ў прамым узброеным сутыкненні з Расіяй

5.10.2026 / 13:02

Nashaniva.com

Марцін Егер сцвярджае, што расійскія спецслужбы дзейнічаюць у Еўропе высокапрафесійна і бязлітасна, а небяспека новых дыверсій захоўваецца.

Марцін Егер. Фота: Liesa Johannssen / AP

Паводле ацэнкі прэзідэнта Федэральнай разведвальнай службы Германіі Марціна Егера, узрасла рызыка прамога ваеннага сутыкнення з Расіяй.

На публічных слуханнях перад парламенцкім кантрольным камітэтам Егер заявіў: «Канфрантацыя, у якой мы знаходзімся з Расіяй, набыла новую, больш небяспечную якасць: Германія рызыкуе апынуцца ва ўзброеным канфлікце з Расіяй. <…> Ні ад адной іншай краіны зараз не зыходзіць такой прамой, усёабдымнай і канкрэтнай пагрозы для Германіі», піша Bild.

Егер сцвярджае, што расійскія спецслужбы дзейнічаюць у Еўропе высокапрафесійна і бязлітасна, а небяспека новых дыверсій захоўваецца. У канчатковым выніку расійскае кіраўніцтва хоча «гарантаваць, каб у Берліне і іншых еўрапейскіх сталіцах не прымаліся палітычныя рашэнні супраць Масквы», заявіў кіраўнік нямецкай разведкі.

«Германія стала галоўнай перашкодай для расійскай гегеманічнай праекцыі сілы ў Еўропе і тым самым мішэнню для дзеянняў Расіі. Той, хто не падпарадкоўваецца, становіцца праціўнікам: такое бачанне Масквы. … Расія вядзе супраць нас ценявую вайну. Гэтая неаб'яўленая вайна не ўпісваецца ў звычайныя ваенныя або прававыя катэгорыі. Мы не знаходзімся ў стане абароны і ўсё ж падвяргаемся нападу — менавіта таму гэта ценявы канфлікт», — кажа Егер.

Пагрозы прамога маштабнага ваеннага нападу на НАТА разведка зараз не бачыць.

Аднак Егер папярэджвае аб магчымай «нізкаўзроўневай ваеннай актыўнасці Расіі», асабліва ў краінах Балтыі.

«Мы павінны рыхтавацца да спробаў запалохвання і далейшага ўмяшання. Верагодна, зноў будуць і ядзерныя пагрозы», — сказаў кіраўнік разведкі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула