«Чакаем свае кватэры ўжо шосты год». Дольшчыкі мінскага ЖК Smart запісалі відэазварот да Лукашэнкі
Будаўніцтва жылога комплексу на вуліцы Прылуцкай пачалося ў 2019 годзе, але з сямі секцый дагэтуль здалі толькі дзве. Дольшчыкі сцвярджаюць, што праект за гэты час патаннеў, якасць работ выклікае пытанні, а іх зноў прымушаюць пагаджацца на перанос тэрмінаў.
Шматпакутны жылы комплекс Smart на скрыжаванні вуліц Прылуцкай і Глаголева пачалі будаваць яшчэ ў 2019 годзе. Першапачаткова 13‑павярховы дом у форме трапецыі абяцалі ўзвесці хутка, але за першыя гады забудоўшчык увёў у эксплуатацыю толькі дзве секцыі, піша Onliner.
Тэрміны здачы астатніх пяці пад'ездаў пастаянна пераносіліся: спачатку на 2022-гі, потым на 2023 год. Некаторыя дольшчыкі нават вырашылі скасаваць дамовы і звярнуліся ў суд, каб вярнуць свае грошы.
Тыя мінчукі, якія ўсё ж вырашылі дачакацца ключоў, у 2024 годзе звярнуліся па дапамогу да Лукашэнкі. Днямі яны запісалі другі відэазварот, у якім гаворыцца:
— Аляксандр Рыгоравіч, мы, дольшчыкі шырока вядомага ЖК Smart, звярталіся да Вас у 2024 годзе. Пасля звароту да Вас сітуацыя рэзка палепшылася, але прайшло тры гады, а дом не здадзены. Нас працягваюць карміць абяцаннямі і прымушаюць падпісваць дакументы з пераносамі. Мы чакаем свае кватэры ўжо шосты год. Акрамя тэрмінаў, праект значна патаннеў, што відаць па змене фасада і замене ліфтаў. А таксама зменшылі колькасць месцаў агульнага карыстання за кошт продажу кладовак на гэтых месцах. Дом не здадзены, якасць навідавоку. Просім вас звярнуць увагу на нашы праблемы.
Трэба сказаць, што забудоўшчык дома — кампанія «НікаПраект» — нядаўна заявіў, што мае намер скончыць будаўніцтва да канца 2026 года. Цяпер ён рыхтуе да здачы трэцюю, чацвёртую і пятую секцыі, паралельна завяршаючы работы ў апошніх — шостай і сёмай.
Аднак прэтэнзіі дольшчыкаў датычацца не толькі тэрміну здачы аб'екта. Паводле іх слоў, якасць будаўніцтва пакідае жадаць лепшага. Гэта значыць, што нават пасля прыёмкі жылля ім давядзецца вырашаць ужо новую праблему: даводзіць да ладу доўгачаканыя кватэры і месцы агульнага карыстання.