БЕЛ Ł РУС

Рэстараны ЗША сутыкнуліся з праблемай — людзі менш ядуць з-за «Азэмпіку»

4.10.2026 / 10:31

Nashaniva.com

У адным з рэстаранаў нечакана сталі заканчвацца кантэйнеры для рэшткаў ежы. А сярэдні чэк ва ўстанове за апошнія месяцы ўпаў больш чым на 25%, бо людзі заказваюць толькі закускі або дзеляць асноўныя стравы. Цяпер кафэ думаюць, што рабіць з меню.

Амерыканскія рэстараны спрабуюць прыстасавацца да кліентаў, якія прымаюць «Азэмпік» і яго аналагі, апісвае The New York Times.

Прэпараты для пахудзення GLP-1 (Wegovy, Ozempic, Zepbound) прымаюць каля 11% дарослых амерыканцаў, гэта прыкладна 30 млн чалавек, і іх колькасць будзе расці. Гэтыя людзі радзей ходзяць у рэстарацыі і менш там трацяць.

Шэф-кухар з Атланты Дэбора Ванціс заўважыла, што ў яе пачалі заканчвацца кантэйнеры для рэшткаў ежы: госці пакідалі палову талеркі. Сярэдні чэк у яе рэстаране за апошнія месяцы ўпаў больш чым на 25%, бо людзі заказваюць толькі закускі або дзеляць асноўныя стравы.

Здавалася б, рашэнне для рэстаранаў простае: больш бялку і меншыя порцыі. Але бялок дарагі, ялавічына каштуе рэкордна шмат. Паменшыць порцыю ўдвая не азначае зменшыць цану ўдвая, бо рэстаранам трэба кампенсаваць арэнду, заробкі і расходы на прадукты. Паводле аднаго з кансультантаў, палова порцыі будзе каштаваць каля 75% поўнай цаны. Сітуацыю абвастраюць і іншыя чыннікі: з 2020 года заробкі супрацоўнікаў і аптовыя цэны на ежу выраслі больш як на 35%, вайна з Іранам падняла цэны на прадукты і паліва, а трэць рэстаранаў у першым паўгоддзі была стратнай.

Цяжэй за ўсё сеткам фастфуду, бо бургеры і смажаная ежа не тое, чаго хочуць людзі на «Азэмпіку» і яго аналагах. McDonald's афіцыйна сцвярджае, што ўплыву прэпаратаў не адчувае, але тэстуе салаты і закускі з курыцай. Пры гэтым кампанія асцярожнічае, бо не ўпэўнена, што попыт апраўдае ўвядзенне новых пазіцый. Уладальнік Burger King назваў такія прэпараты рызыкай для бізнэсу і тэстуе меншыя порцыі. Shake Shack запусціў меню з бургерамі без булак і з пазначэннем колькасці бялку.

Эксперт кампаніі Sysco раіць кавярням павялічваць колькасць бялку з дапамогай танных прадуктаў (сачавіцы, яек, тварагу), спалучаць меншы кавалак стэйка з крэветкамі і прапаноўваць больш маленькіх страў, як у Еўропе. Нью-ёркскі рэстаран Tucci ўвёў мініверсіі страў, але не стаў скарачаць звычайныя порцыі, каб не раззлаваць іншых гасцей. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула