БЕЛ Ł РУС

Адправіць пасылку накладзеным плацяжом стане значна прасцей

2.10.2026 / 19:44

Nashaniva.com

«Белпошта» запусціла новы лічбавы сэрвіс «Баланс», які павінен спрасціць атрыманне грошай за пасылкі з накладзеным плацяжом, паскорыць абслугоўванне і зрабіць разлікі больш бяспечнымі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media

Сэрвіс прызначаны для адпраўнікоў пасылак з накладзеным плацяжом, калі атрымальнік аплачвае заказ у паштовым аддзяленні, а грошы пасля гэтага пералічваюцца прадаўцу. Цяпер адпраўніку не абавязкова прыходзіць у аддзяленне, каб атрымаць наяўныя: сродкі за заказ могуць аўтаматычна залічвацца на яго «Баланс».

Пры афармленні пасылкі можна выбраць зручны спосаб атрымання грошай. Перавод на банкаўскую картку паступае адразу. Акрамя таго, з дапамогай прылад самаабслугоўвання QR-box можна аплачваць афармленне і перасылку паштовых адпраўленняў.

Каб падключыць сэрвіс, неабходна запоўніць анкету ў асабістым кабінеце на сайце або ў мабільным дадатку «Белпошты», а затым адзін раз наведаць любое паштовае аддзяленне з дакументам, які пацвярджае асобу.

Пасля прыняцця ўмоў карыстальніцкага пагаднення кліент зможа кругласутачна кіраваць сродкамі на сваім «Балансе»: пераводзіць іх на банкаўскія карткі і аплачваць паштовыя паслугі.

У «Белпошце» адзначылі, што запуск новага сэрвісу — чарговы этап лічбавай трансфармацыі прадпрыемства, які павінен павысіць хуткасць абслугоўвання, бяспеку разлікаў і зручнасць для кліентаў.

Чытайце таксама:

Беларусы пачалі атрымліваць поштай дзіўныя рэлігійныя газеты

У кожны беларускі маркетплэйс прызначаць прадстаўніка ад Мінгандлю

«Белпошта» ўводзіць плату за міжнародныя пераводы

Каментары да артыкула