Эстонія забараніла транзіт збожжа з Беларусі і Расіі
Эстонія забараніла транзіт праз сваю тэрыторыю расійскага і беларускага збожжа. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў краіны Маргус Цахкна ў мікраблогу X у чацвер, 1 кастрычніка.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
«Расія атакуе ўкраінскія парты, блакуе экспарт збожжа з Украіны, а потым шукае новыя маршруты для ўласнага збожжа. Эстонія не прадаставіць ёй такі маршрут», — гаворыцца ў допісе.
Дыпламат нагадаў, што раней у верасні ён папярэджваў, што «не варта будаваць планы па транспарціроўцы расійскага збожжа праз Эстонію».
«І вось сёння мы ператварылі гэта ў закон», — рэзюмаваў Цахкна.
Кіраўнік МЗС дадаў, што Эстонія разам з Літвой і Латвіяй працуе над тым, каб «гарантаваць, што балтыйскія парты не будуць выкарыстоўвацца ў якасці транзітных маршрутаў для Расіі».
«Расія не можа весці агрэсіўную вайну і чакаць, што мы будзем дапамагаць ёй захоўваць свае гандлёвыя патокі. Мы не будзем дапамагаць фінансаваць яе вайну і палягчаць ёй далейшае ажыццяўленне агрэсіі», — заявіў кіраўнік МЗС.