БЕЛ Ł РУС

У Бераставіцы навучэнцаў пасялілі ў непрыдатным для жыцця інтэрнаце

30.09.2026 / 13:02

Nashaniva.com

Навучэнцы каледжа, у тым ліку непаўналетнія, амаль месяц жылі ў інтэрнаце, дзе працягваўся рамонт. Пракуратура назвала ўмовы небяспечнымі і запатрабавала ліквідаваць парушэнні, але як і калі гэта зробяць і дзе да таго часу будуць жыць дзеці, не паведамляецца.

Як паведаміла Генпракуратура, навучэнцаў засялілі ў пакоі на пятым паверсе інтэрната, дзе непасрэдна падчас іх пражывання вяліся рамонтныя работы.

У памяшканнях былі значна пашкоджаныя сцены і падлога, а таксама сантэхнічнае абсталяванне.

Паводле пракуратуры, пакоі фактычна былі непрыдатныя для пражывання.

У такіх умовах з 7 верасня жылі 38 навучэнцаў каледжа, у тым ліку непаўналетнія. Пракуратура заявіла, што дзеянні кіраўніцтва ўстановы адукацыі стваралі «прамую пагрозу іх жыццю і здароўю».

Пракуратура запатрабавала неадкладна ліквідаваць парушэнні, забяспечыць дзецям бяспечныя ўмовы і прыцягнуць вінаватых службовых асоб да адказнасці. Аднак ці перасялілі навучэнцаў, калі скончаць рамонт і якім чынам ім забяспечаць нармальнае жыллё, не ўдакладняецца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула