БЕЛ Ł РУС

Капітальны рамонт дома, што гарэў на вуліцы Леніна ў Мінску, правядуць у 2027 годзе

30.09.2026 / 07:35

Nashaniva.com

У Мінску завершаныя работы па аднаўленні даху жылога дома на вуліцы Леніна, які быў пашкоджаны ў чэрвені ў выніку сур’ёзнага пажару.

Пра падрабязнасці выкананых работ распавёў генеральны дырэктар «Мінскбуда» Анатоль Вядзёрчык, пішуць Мінск-навіны.

Паводле слоў Анатоля Вядзёрчыка, экстраныя меры былі прынятыя адразу пасля ўзгарання.

— Усе нашы арганізацыі адгукнуліся, каб спачатку ўладкаваць часовы дах і не дапусціць затаплення кватэр. Мы задзейнічалі пяць арганізацый: усе нашы трэсты і «Мінскрамбуд» — і справіліся літаральна за 10 дзён, — распавёў генеральны дырэктар «Мінскбуда».

Ён адзначыў, што ўсе работы па ўладкаванні новага даху завершаныя.

— Былі ўзятыя чарцяжы 1950‑х гадоў, калі будаваўся дом, на падставе якіх распрацавалі праект. Мы паралельна вялі будаўніцтва, а праекціроўшчыкі дапрацоўвалі некаторыя вузлы, паколькі з таго часу адбыліся змены, у тым ліку ў будаўнічых нормах, — патлумачыў Анатоль Вядзёрчык.

Акрамя мантажу даху, будаўнікі ўцяплілі яго і адрамантавалі вентыляцыйныя шахты. Цяпер спецыялісты праводзяць абследаванне будынка, каб падрыхтаваць яго да далейшых работ.

— У наступным годзе будзе выкананы капітальны рамонт гэтага дома. Ім таксама зоймуцца нашы арганізацыі, — дадаў генеральны дырэктар «Мінскбуда».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула