БЕЛ Ł РУС

Стваламазгавы імплант упершыню паставілі беларускаму дзіцяці. Хлопчык нарадзіўся цалкам глухім

29.09.2026 / 14:36

Nashaniva.com

Дзякуючы яму трохгадовы Платон Мірановіч пачаў чуць.

Упершыню ў Беларусі дзіця атрымала стваламазгавы імплант — цяпер ён чуе. На аперацыю збіралі ўсёй краінай — €85 тыс. паступілі на рахунак бацькоў за два з паловай месяцы, піша выданне Мінскага раёна «Прысталічча».

Платон жыве ў вёсцы Ляскоўка Мінскага раёна. Ён нарадзіўся глухім, хоць яго брат-блізнюк Ярык з'явіўся на свет цалкам здаровым.

Дакладны дыягназ дзіцяці — прыроджаная адсутнасць вушных скруткаў і паўкруглых каналаў, двухбаковая нейрасенсорная тугавухасць.

Зноў чуць Платон мог пачаць толькі пасля аперацыі на мозгу — яму быў неабходны стваламазгавы імплант.

Каб сабраць усю суму на аперацыю (€85 тыс.), бацькі адкрылі дабрачынны збор. Грошы з'явіліся нечакана хутка — за два з паловай месяцы.

І ўжо ў сакавіку ва Універсітэцкай клініцы Вюрцбурга ў Германіі Платону зрабілі неабходную аперацыю. Агулам хлопчык правёў пад наркозам 11 гадзін.

«Было страшна. Дактары папярэджвалі, што аперацыя можа прайсці не па плане. Калі б мозг не даў адказу на датчыкі, рану проста зашылі б і адправілі нас дадому», — распавяла мама Анастасія.

У маі ў рэанімацыі пад наглядам дактароў дзіцяці падключалі 12 датчыкаў. Працэс быў хвалюючы, бо спрацаваць маглі не ўсе.

«Мне хацелася верыць, што Платон адразу скажа: «Мама, я цябе люблю». Але, натуральна, гэтага не адбылося. Хоць нам вельмі пашанцавала — усе 12 датчыкаў падключыліся», — адзначыла Анастасія.

Цяпер хлопчыку здымаюць апарат толькі на ноч. За вухам у яго ўжыўлена металічная пласціна, да якой і мацуецца апарат — маленькая магнітная таблетка.

Пакуль што дадаткова даводзіцца выкарыстоўваць павязку, бо апарат прызначаны для дарослых.

Адчувальнасць датчыкаў будуць наладжваць паступова, каб не перагружаць дзіця і не палохаць яго моцнымі гукамі.

Платон ужо вучыцца размаўляць

Цяпер Платон займаецца з педагогамі. І ўжо ёсць першыя поспехі: ён навучыўся вымаўляць гукі «а» і «у».

Часам хлопчык можа міжвольна паклікаць бацькоў, сказаць доўгачаканыя словы «мама» і «тата».

Таксама Платон пайшоў у дзіцячы садок, у тую ж групу, куды ходзіць яго брат Ярык.

Анастасія прызнаецца, што часам адпусціць сына бывае няпроста — яна вельмі за яго перажывае. Бо любая траўма для Платона можа стаць фатальнай.

У Германію сям'і яшчэ давядзецца ездзіць — стабільна раз на тры месяцы для наладжвання датчыкаў.

Усе выдаткі сям'я плануе аплачваць самастойна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула