БЕЛ Ł РУС

Навукоўцы прыдумалі, як можна вырошчваць ежу на Марсе

30.09.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Марсіянскі грунт мала прыдатны для земляробства, а дастаўляць ежу з Зямлі будучым пасяленцам будзе складана і дорага. Навукоўцы прапануюць магчымае рашэнне.

Так у будучыні можа выглядаць аранжарэя на паверхні Марса. Ілюстрацыя: NASA / Human Systems Engineering and Development Division

Калі людзі некалі створаць пастаянныя паселішчы на Марсе або Месяцы, ім давядзецца навучыцца вырошчваць хаця б частку ежы на месцы. Адна з галоўных праблем у тым, што мясцовы грунт зусім не падобны да ўрадлівай зямной глебы.

Паверхню Месяца і Марса пакрывае рэгаліт — пласт друзлага раздробленага матэрыялу. У ім не хапае рэчываў, неабходных раслінам. Асабліва важнай праблемай даследчыкі называюць дэфіцыт азоту, калію і фосфару.

Як сцвярджаюць даследчыкі з ЗША і Бразіліі, адным з рашэнняў могуць стаць грыбы. На Зямлі некаторыя іх віды жывуць у цесным узаемадзеянні з раслінамі і дапамагаюць ім атрымліваць пажыўныя рэчывы з глебы. Навукоўцы мяркуюць, што падобны механізм можна будзе выкарыстаць і за межамі нашай планеты.

Як паведамляе Science Daily, даследчыкі прааналізавалі віды грыбоў, здольныя стымуляваць рост раслін і дапамагаць ім атрымліваць неабходныя рэчывы нават у неспрыяльных умовах. Асобна яны звярнулі ўвагу на грыбы, якія ўжо выкарыстоўвалі ў эксперыментах на Міжнароднай касмічнай станцыі.

Дадатковыя «карані»

Бедны на пажыўныя рэчывы рэгаліт стварае для раслін абіятычны стрэс. Так называюць неспрыяльнае ўздзеянне фактараў, не звязаных з іншымі жывымі арганізмамі. Таму будучым касмічным культурам спатрэбіцца не толькі доступ да дэфіцытных элементаў, але і здольнасць вытрымліваць складаныя ўмовы.

Асаблівую цікавасць у гэтым сэнсе выклікаюць арбускулярныя мікарызныя грыбы. Гэта мікраскапічныя грыбы вядомыя батанікам яшчэ з сярэдзіны XIX стагоддзя. Яны пранікаюць у тканкі каранёў раслін, а іх тонкія ніці разрастаюцца далёка ў грунце. Фактычна такая сетка становіцца працягам каранёвай сістэмы і дапамагае расліне атрымліваць ваду і пажыўныя рэчывы з большага аб'ёму грунту.

Сярод перспектыўных кандыдатаў аўтары працы таксама называюць грыбы роду Trichoderma. Разам з мікарызнымі грыбамі яны могуць дапамагаць раслінам пераносіць абіятычны стрэс і атрымліваць неабходныя элементы з беднага субстрату. Даследчыкі дапускаюць, што такія мікраарганізмы могуць таксама паляпшаць фізічныя і хімічныя ўласцівасці рэгаліту.

Гаворка, аднак, не пра тое, што грыбы самі ператвораць марсіянскі пыл ва ўрадлівую зямлю. Іх разглядаюць як адзін з элементаў штучна створанай сістэмы, якая магла б зрабіць вырошчванне культур у мясцовым рэгаліце больш рэальным.

Пакуль гэта толькі перспектыўны падыход. Каб зразумець, наколькі ён прыдатны для касмічнай сельскай гаспадаркі, навукоўцам трэба праверыць, як гэтыя грыбы паводзяць сябе ў сапраўдным месяцовым і марсіянскім рэгаліце, а не толькі ў яго імітацыях і іншых заменніках.

Калі метад спрацуе, ён можа дапамагчы атрымліваць на Месяцы і Марсе большыя і стабільнейшыя ўраджаі. А гэта, у сваю чаргу, зменшыць залежнасць будучых паселішчаў ад паставак ежы з Зямлі.

Чытайце таксама:

NASA шукае добраахвотнікаў для праграмы тэсціравання жыцця на Месяцы і Марсе

Навукоўцы вырасцілі бульбу ў «марсіянскім» грунце ВІДЭА

Дажджавых чарвякоў упершыню запусцілі ў марсіянскі грунт, і вынік аказаўся нечаканым

Каментары да артыкула