БЕЛ Ł РУС

У пачатку кастрычніка ў Беларусь можа вярнуцца бабіна лета

26.09.2026 / 16:15

Nashaniva.com

На мяжы верасня і кастрычніка ў Беларусі чакаецца змяненне надвор'я. Дажджы паступова адступяць, а краіна апынецца пад уплывам вобласці высокага атмасфернага ціску.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media

Першы кастрычніцкі тыдзень, паводле прагнозу сіноптыка Дзмітрыя Рабава, будзе пераважна сухім і ўмерана цёплым. У Брэсцкай вобласці тэмпература паветра можа дасягаць +21 градуса.

У панядзелак, 28 верасня, кароткачасовыя дажджы яшчэ магчымыя на паўднёвым усходзе і ўсходзе краіны. Ноччу будзе ад +7 да +12 градусаў, днём — ад +13 на поўначы да +19 на паўднёвым захадзе.

У аўторак істотных ападкаў ужо не чакаецца. Невялікі дождж магчымы толькі на крайнім паўднёвым усходзе. Тэмпература ўначы складзе +6…+11 градусаў, а днём паветра прагрэецца да +13…+17.

У сераду Беларусь апынецца пад уплывам антыцыклону. Будзе пераменная воблачнасць, але значных дажджоў не прагназуюць. Ноччу і раніцай месцамі магчымы туман. Ноччу тэмпература будзе ад +5 да +10 градусаў, днём — ад +14 да +19.

У чацвер дажджы таксама малаверагодныя на большай частцы тэрыторыі. Ноччу чакаецца +4…+9 градусаў, затое днём стане цяплей: на паўночным усходзе — да +16, а ў Брэсцкай вобласці — да +21.

У пятніцу істотных зменаў у надвор'і не прадбачыцца. Захаваецца пераменная воблачнасць, верагоднасць дажджоў будзе невялікай. Ноччу тэмпература складзе +7…+12, днём — ад +15 да +20 градусаў.

Першыя кастрычніцкія выхадныя таксама павінны прайсці спакойна. У суботу будзе воблачна з праясненнямі, але ў большасці раёнаў ападкаў не чакаецца. Ноччу тэмпература будзе ад +5 да +10 градусаў, днём — ад +14 на ўсходзе да +19 на захадзе.

У нядзелю істотных зменаў таксама не прагназуецца. Беларусь застанецца пад уплывам высокага атмасфернага ціску. Днём паветра прагрэецца да +14…+19 градусаў, а ў Брэсцкай вобласці — да +21.

Чытайце таксама:

На выхадных у Беларусь прыйдзе халоднае паветра з Балтыйскага мора

Сіноптыкі расказалі, калі вернецца +21 градус

У Мядзелі ў верасні зацвіла яблыня

Каментары да артыкула