Зяленскі: Праз 10 дзён Кіеў і Вашынгтон абмяркуюць вынікі кансультацый з Бруселем і Масквой
Спачатку амерыканцы пагавораць з рускімі.
Фота: тэлеграм-канал Уладзіміра Зяленскага
Пасля сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і Украіны ў Нью-Ёрку ўкраінская і амерыканская перамоўныя групы сустрэліся і дамовіліся правесці кансультацыі з еўрапейскімі саюзнікамі і Масквой, а затым вярнуцца да перамоў, распавёў у пятніцу журналістам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, піша Бі-бі-сі.
«У нас была сустрэча з прэзідэнтам ЗША, мы абмеркавалі агульныя пытанні. Пасля гэтага нашы перамоўныя групы правялі асобную працяглую сустрэчу, на якой абмеркавалі адпаведныя дэталі. Дамоўленасць такая: мы праінфармуем і абмяркуем гэтыя дэталі з еўрапейскім бокам. Амерыканцы пагавораць з рускімі, і праз 10 дзён мы вернемся з тым ці іншым меркаваннем і з вынікам», — сказаў Зяленскі журналістам у пятніцу.
Раней ён заявіў, што ЗША прапанавалі пачаць падрыхтоўку да трохбаковай тэхнічнай сустрэчы ў Абу-Дабі. Дата сустрэчы пакуль не вызначаная.
Масква і Вашынгтон пакуль не каментавалі гэтыя заявы.