Расія з 1 лістапада пагражае цалкам спыніць пастаўкі газу ў Арменію
Расія можа цалкам спыніць пастаўкі газу ў Арменію з 1 лістапада, калі Ерэван не выканае шэраг палітычных патрабаванняў Масквы. Пра гэта паведаміла армянская газета «Грапарак» са спасылкай на расійскія крыніцы, піша Deutsche Welle.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Цяпер пастаўкі расійскага газу часова спыненыя праз планавы рамонт, а патрэбы Арменіі забяспечваюцца за кошт запасаў у сховішчах. Паводле крыніц газеты, 1 лістапада можа ўзнікнуць сітуацыя, пасля якой пастаўкі ўжо не адновяцца.
Сярод патрабаванняў Масквы называюцца адмова Ерэвана ад абмеркавання будучыні расійскай вайсковай базы ў Гюмры і ад дзеянняў супраць кампаній з расійскім капіталам, у тым ліку «Паўднёва-Каўказскай чыгункі» і «Газпрама».
Таксама Расія нібыта патрабуе, каб Арменія вызначылася паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Еўрасаюзам. Ерэван павінен альбо адмяніць закон аб запуску працэсу еўраінтэграцыі, альбо прызначыць дату рэферэндуму. Сярод іншых патрабаванняў называюцца спыненне крымінальнага пераследу прарасійскіх палітыкаў і прызначэнне віцэ-прэм'ера, прымальнага для Крамля.
Арменія пры гэтым шукае альтэрнатыўныя крыніцы газу. Краіна па-ранейшаму амаль цалкам залежыць ад расійскіх паставак: у 2025 годзе «Газпрам» экспартаваў туды каля 2,7 мільярда кубаметраў газу. Армянскія ўлады заяўляюць пра магчымасць закупак паліва ў Азербайджана, Турцыі і Ірана.
Адносіны Масквы і Ерэвана апошнімі месяцамі істотна пагоршыліся. Расія ўводзіла абмежаванні на імпарт з Арменіі алкаголю, гародніны, садавіны, рыбы, малочнай прадукцыі і кветак. У адказ Арменія пачала перанакіроўваць свой экспарт на іншыя рынкі, у тым ліку ў краіны Еўропы.
Чытайце таксама:
Пашынян: Калі Арменію хочуць выключыць з АДКБ, хай выключаюць. Не трэба пагражаць гэтым
Арменія можа пачаць купляць газ у былых ворагаў. І няважна, што ў Расіі танней
Армянскі пасол не вернецца ў Мінск, пакуль Лукашэнка не папросіць прабачэння
Арменія вывучае магчымасць дыверсіфікацыі паставак газу
Пашынян заявіў, што Арменія не будзе праводзіць рэферэндум аб сяброўстве ў ЕС