БЕЛ Ł РУС

У Кіеве на 15 гадоў асудзілі агента спецслужбаў Расіі і Беларусі

24.09.2026 / 13:09

Nashaniva.com

Кіеўлянін збіраў інфармацыю аб энергетычных аб’ектах украінскай сталіцы і праз памежнікаў Беларусі перадаваў яе ў Расію.

У Офісе генеральнага пракурора Украіны паведамілі аб вынясенні выраку грамадзяніну Украіны, жыхару Кіева, за супрацу са спецыяльнымі службамі Расіі і Беларусі, піша Радыё Свабода.

Яго асудзілі за дзяржаўную здраду на 15 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

«Пракуроры даказалі, што мужчына супрацоўнічаў з прадстаўнікамі беларускіх і расійскіх спецслужбаў і перадаваў ім выведныя звесткі пра месцы размяшчэння сіл абароны і аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Кіева», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленні.

Што папярэднічала

Грамадзяніна Украіны затрымалі 29 снежня 2025 года, калі ён паспеў перадаць каардынаты падраздзялення, якое ахоўвала адну з ЦЭЦ у Кіеве, а пасля расійскага ўдару паведаміў свайму куратару аб яго наступствах.

Затрыманне мужчыны

«Ні чарта вы ў градзірню не пацэлілі. Але налёт быў адметны. Дзякуй Богу, мы ацалелі. [Каардынаты] Вось градзірня. А дзе яны (ахова) пад зямлю лазяць, я не бачу, трэба цераз плот лезці, могуць забіць, там ахова. Даведаюся, скіну. […] Працуйце, браты. Мы дапаможам, чым зможам. І трымайцеся, там Расіі таксама не салодка», — напісаў мужчына пасля расійскага абстрэлу Кіева 25 кастрычніка 2025 года.

Паводле следства, ён пачаў супрацоўнічаць са спецслужбамі Беларусі і Расіі ў маі 2025 года, а ў кастрычніку таго ж года пачаў выконваць іх заданні.

Усю інфармацыю ён перадаваў «асобе са складу Дзяржаўнага памежнага камітэта Рэспублікі Беларусь», якая нібыта адміністравала і забяспечвала функцыянаванне Telegram-бота памежнай службы Беларусі.

У Офісе генеральнага пракурора Украіны сцвярджаюць, што за выкананне заданняў мужчына разлічваў на «эвакуацыю» з Украіны і да моманту затрымання паспеў сабраць тактычны заплечнік з усімі неабходнымі рэчамі для нелегальнага перасячэння мяжы.

Летась 25 кастрычніка ад расійскага абстрэлу сапраўды пацярпела адна з кіеўскіх ЦЭЦ, а шэраг расійскіх СМІ паведамілі аб поўным яе знішчэнні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула