БЕЛ Ł РУС

Жыхарам горада Алешкі пад Херсонам пагражае галодная смерць

23.09.2026 / 13:05

Nashaniva.com

У Алешках, паводле ацэнак, усё яшчэ пражывае ад 2 да 4 тысяч чалавек. Ім пагражае голад, бо з канцом лета заканчваецца і той бедны ўраджай, які жыхары вырошчвалі ў сваіх агародах.

Украінскі горад на поўдзень ад Дняпра знаходзіцца ўсяго за чатыры кіламетры ад Херсона, але пераадолець гэтую адлегласць немагчыма. Расійскія войскі ўжо некалькі месяцаў трымаюць Алешкі ў коле. Туды не прыехаць і адтуль не выехаць, піша Bild.

Апошняя пастаўка прадуктаў, паводле звестак украінскіх крыніц, была 26 мая.

У адчайнай спробе выжыць пакінутыя жыхары крадуць адзін у аднаго. Яны рэжуць сваіх курэй, бо ім больш няма чым іх карміць. Калі расійскія вайскоўцы абстралялі калону з гуманітарнай дапамогай, людзі адразу ж расцягнулі рэшткі грузаў, якія ацалелі пасля атакі. Бартар замяніў грошы.

Людзі, якія паміраюць на вуліцах, звычайна так і застаюцца ляжаць на месцы, і іх ядуць сабакі. Дзеці выпрошваюць ежу. Спроба пакінуць горад заканчваецца альбо гібеллю, альбо расійскія жаўнеры адпраўляюць людзей назад.

«Вяртайся і памры там», — кажуць яны і смяюцца.

Дарогі замінаваныя, дроны кружаць у паветры — іх аператары гуляюць у чалавечае сафары. Смерць — адзінае, што гарантавана ў Алешках. А цяпер на парозе зіма.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі ўжо некалькі месяцаў спрабуюць дамовіцца аб эвакуацыі горада.

Аднак расійскі бок дагэтуль адмаўляецца даць гуманітарны калідор і спыніць агонь, замест гэтага ўтрымліваючы сотні людзей у якасці закладнікаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула