БЕЛ Ł РУС

Уладальнікі «Тры цаны» запускаюць у Беларусі новую гандлёвую сетку з беларускай назвай

21.09.2026 / 22:44

Nashaniva.com

Уладальнікі беларускай сеткі крам тавараў для дома «Тры цаны» плануюць адкрыць новую гандлёвую сетку пад назвай «Побач». Як высветліла выданне Office Life, кампанія ўжо размясціла некалькі вакансій для будучай сеткі.

Фота: rabota.by

«Побач» будзе працаваць у фармаце мінімаркетаў крокавай даступнасці. У крамах плануюць прадаваць гаспадарчыя тавары, гатовую ежу і прадукты штодзённага попыту.

Паводле звестак гандлёвага рэестра, першая крама новай сеткі павінна адкрыцца ў сталічным жылым комплексе «Мінск-Свет» на вуліцы Брацкай. У канцы жніўня 2026 года кампанія зарэгістравала гандлёвы аб’ект пад брэндам «Побач».

Сетку «Тры цаны» развівае кампанія «Плэй Хард». На сайце пошуку працы яна размясціла як мінімум дзве вакансіі для «Побач».

У прыватнасці, кампанія шукае загадчыка гандлёвага аб’екта. Заробак прапануюць у памеры ад 2300 да 2700 рублёў да вылічвання падаткаў. Таксама патрэбны маркетолаг, ад якога чакаюць поўнага цыклу лакальнага прасоўвання, планавання і правядзення маркетынгавых мерапрыемстваў для трох крамаў сеткі, працы з маркетынгавым бюджэтам і сацыяльнымі сеткамі. Заробак на гэтай пасадзе не пазначаны.

«Тры цаны» з’яўляецца буйным гульцом беларускага рознічнага рынку. Крамы сеткі працуюць у 156 гарадах краіны, а ў гандлёвым рэестры за ёй значыцца больш за 460 аб’ектаў.

Раней паведамлялася, што ў чэрвені Эканамічны суд Мінска прызнаў несапраўднай здзелку аб перадачы актываў сеткі на суму амаль 50 мільёнаў рублёў паміж кампаніямі «ФіксМаркет» і «Плэй Хард», якія былі папярэднім і новым аператарамі гандлёвай сеткі.

Чытайце таксама:

Былы ўладальнік «Трох цэн» судзіцца за сетку крам

Першы аператар сеткі «Тры цаны» можа збанкрутаваць

У Беларусі з'явілася новая гандлёвая сетка Oliva

Спадкаемцы «Вострава чысціні» закрываюць крамы і фіксуюць страты

Каментары да артыкула