БЕЛ Ł РУС

У Малдове прапанавалі спыніць экспарт у Беларусь

21.09.2026 / 19:24

Nashaniva.com

У Малдове разглядаюць магчымасць поўнага спынення экспарту тавараў у Беларусь і Расію. Пра гэта заявіў міністр сельскай гаспадаркі краіны Эўджэніу Асмакеску, піша «Комсомольская правда в Молдове».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Wikimedia Commons

Паводле слоў малдаўскага міністра, Малдове варта адмовіцца ад экспарту на гэтыя два рынкі. Пры гэтым міністр падкрэсліў, што гэта яго асабістая пазіцыя, у цэлым жа ўлады разумеюць: неадкладная забарона можа нанесці шкоду малдаўскім вытворцам.

Асмакеску адзначыў, што ў Малдове ёсць экспарцёры, якія працуюць з беларускім і расійскім рынкамі, прычым беларускі кірунак для іх больш значны. Таму перад магчымым увядзеннем забароны, на яго думку, неабходна распрацаваць праграму падтрымкі такіх кампаній і дапамагчы ім пераарыентавацца на рынак Еўрапейскага саюза.

Міністр таксама заявіў, што такі крок дазволіў бы Малдове прадэманстраваць сваю прыхільнасць міжнародным санкцыям у дачыненні да Беларусі і Расіі.

Паводле інфармацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі, асноўнымі таварамі, якія Малдова экспартуе ў Беларусь, цяпер з'яўляюцца віно і моцныя алкагольныя напоі, садавіна і гародніна, лекавыя сродкі, тара, а таксама некаторыя прыборы і прылады.

У студзені 2026 года Малдова пачала працэс выхаду з СНД. Чакаецца, што ён завершыцца прыблізна вясной 2027 года. Адначасова краіна падала заяўку на ўступленне ў Еўрапейскі саюз.

Чытайце таксама:

Малдова развітваецца з СНД: названа дата афіцыйнага выхаду

Швейцарыя ўвяла дадатковыя санкцыі супраць Беларусі

Ці пусціць Латвія беларускі калій? Даведаліся, што пачуў Коўл у Рызе

З'явіўся новы рэйтынг найбольш бульбяных краін свету

Каментары да артыкула