Кіраўнік БАТЭ прыцягнуў на матч з мінскім «Дынама» іконы
Не дапамагло.
У суботу ў матчы 23‑га тура чэмпіянату Беларусі па футболе паміж мінскім «Дынама» і БАТЭ старшыня праўлення ФК БАТЭ Андрэй Капскі назіраў за гульнёй з іконамі ў руках.
Разам з ім быў заўважаны былы генеральны дырэктар «Крылаў Саветаў», а цяпер прэзідэнт еўразійскага напрамку інвестыцыйнага фонду No Limits Sports (ААЭ) Вадзім Андрэеў.
У канцы другога тайма камеры зноў паказалі Капскага-малодшага, ён развярнуў іконы ўжо да сябе.
БАТЭ ўчора прайграла 0:2. Клуб пасля 22‑х згуляных матчаў займае 14‑ы радок у турнірнай табліцы, у некалі слаўнай каманды ўсяго тры перамогі.
Згодна з правіламі, напрамую вылятаюць у першую лігу дзве каманды, а дружына, што зойме 14‑е месца, будзе гуляць пераходныя матчы з трэцяй камандай першай лігі.
«Беларускі футбол»
15‑разовы чэмпіён Беларусі па футболе БАТЭ бесперапынна быў чэмпіёнам з 2006 па 2018 гады, гуляў у групавых раўндах Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы. У 2024 годзе ён фінішаваў восьмым, у мінулым — 10-м.