БЕЛ Ł РУС

Скандал са спартсменкай, у якой падчас спаборніцтваў пачалася дыярэя — яна выйграла гонку, але пасля адмовілася ад перамогі

19.09.2026 / 09:28

Nashaniva.com

Адны захапляліся сілай духу спартоўкі, але многія яе крытыкавалі за працяг гонкі, бо яна выпацкала трасу і трэнажоры, якімі мусілі карыстацца іншыя.

Джаана Ветшык на спаборніцтвах Hyrox. Фота: Poly Fei/SOPA Images/LightRocket via Getty Images

Гучны інцыдэнт адбыўся падчас спаборніцтваў па функцыянальным фітнесе Hyrox у Пекіне 12 верасня. Падчас старту ў аўстралійскай спартоўкі Джааны Ветшык пачалася дыярэя, якая запэцкала яе вопратку, ногі, трэнажоры, але жанчына ўсё роўна працягнула спаборніцтвы. І выйграла.

Адны захапляліся сілай духу спартоўкі, але многія яе крытыкавалі за працяг гонкі. Відэа, на якім Ветшык працягвае спаборнічаць пасля інцыдэнту з дыярэяй, выклікала занепакоенасць наконт гігіенічных нормаў, расказвае Бі-бі-сі Украіна.

Фота: Poly Fei/SOPA Images/LightRocket via Getty Images

З-за гэтага сузаснавальнік спаборніцтваў Hyrox Морыц Фюрстэ папрасіў прабачэння за тое, як рэгулявалі сітуацыю з дыярэяй.

Пасля хвалі абурэння Ветшык, якая перамагла ў гонцы ў Пекіне, заявіла, што адмовіцца ад сваёй перамогі.

У пасце ў сацыяльных сетках Ветшык напісала: «Я хачу выказаць свае шчырыя прабачэнні народу Кітая, маім саперніцам і сапернікам, гледачам і арганізатарам Hyrox за тое, што адбылося падчас спаборніцтваў у Пекіне».

Яна таксама зазначыла, што на момант старту была «цалкам здаровай і ў добрай фізічнай форме» і не мела «ніякіх падстаў» меркаваць, што здарыцца такі інцыдэнт.

«Азіраючыся назад, я шкадую пра рашэнне працягнуць спаборніцтвы. Я ўсведамляю, што павінна была дзейнічаць інакш. Я бяру на сябе адказнасць за рашэнне працягнуць удзел і шчыра прашу прабачэння за дыскамфорт і нязручнасці, якія гэта выклікала», — дадала Ветшык.

У Hyrox падкрэслілі, што маюць «наладжаныя працэдуры рэагавання на біялагічнае забруджванне і медыцынскія інцыдэнты».

У заяве, апублікаванай у Instagram, Фюрстэ паабяцаў «удасканаліць працэсы правядзення мерапрыемстваў», каб «пазбегнуць паўтарэння падобных сітуацый у будучыні».

Hyrox заснавалі ў Германіі ў 2017 годзе, і за апошнія гады гэтыя спаборніцтвы ператварыліся ў глабальны фенамен

У кожным забегу Hyrox удзельнікі па чарзе перадольваюць адзін кіламетр бегу і выконваюць фітэс-практыкаванні, у тым ліку па штурханні санак, скачкі з бёрпі, веславанне на трэнажоры ў памяшканні і выпады з пясчаным мяшком.

Сёння турніры праводзяць па ўсім свеце.

Некаторыя ўдзельнікі і назіральнікі пыталіся, чаму суддзі спаборніцтваў у Пекіне на мінулых выхадных не ўмяшаліся пасля інцыдэнту. Правілы Hyrox прадугледжваюць штрафы за такія дзеянні, як «пляванне, ачышчэнне насавых хадоў, засмечванне і неналежнае выкарыстанне вады».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула