БЕЛ Ł РУС

У СІЗА КДБ адшукаўся падпалкоўнік Зара, якога сілавікі лічаць аналітыкам Сахашчыка. Як ён апынуўся ў Беларусі — невядома

19.09.2026 / 17:05

Nashaniva.com

Пазбаўлены Лукашэнкам звання падпалкоўнік Дзмітрый Зара ў 2022‑м эміграваў у Польшчу. Там ён захапіўся сектай G-13, пісаў бяссувязныя тэксты пра «энергіі вышэйшага парадку» — а ў пачатку 2026 года раптоўна знік.

Дзмітрый Зара. Фота: instagram.com/zoryadmitry

Як стала вядома «Нашай Ніве», пры цьмяных абставінах у Беларусь вярнуўся падпалкоўнік у адстаўцы Дзмітрый Зара.

Дзмітрый Зара нарадзіўся ў 1981 годзе ў Кобрыне. Ён прафесійны вайсковец, службу пачаў у часці ўнутраных войскаў 5448, потым перавёўся ў Мар'іну Горку. Падрабязна яго кар'ера нам невядомая. Пры канцы кар'еры Зара займаў адміністратыўную пасаду ў 50‑й змяшанай авіябазе ў Мачулішчах, дзе даслужваў да вайсковай пенсіі.

З Беларусі Зара выехаў не раней за красавік 2022-га, у маі таго ж года завёў інстаграм, у якім стаў публікаваць фота з Еўрасаюза.

Сям'я Дзмітрыя засталася ў Беларусі. А гэта жонка, з якой ён быў разам з вучэльні, а таксама трое дзяцей — старэйшаму цяпер 17 гадоў.

У Еўропе Дзмітрый Зара займаўся прамысловым альпінізмам, а таксама быў інстуктарам па скачках з парашутам — як дэсантнік ён меў вялікую колькасць скачкоў у Беларусі. Планаваў здаць усе неабходныя залікі і нарматывы, каб мець допуск да самых складаных камерцыйных скачкоў. 

Як лічыцца, паралельна з гэтым у 2022‑м Зара далучыўся да каманды Валерыя Сахашчыка — былога камандзіра дэсантнай часці ў Брэсце, які на кароткі час заняўся палітыкай у альянсе з Вадзімам Пракоп'евым.

Па словах знаёмых Зары, менавіта ў працы на Сахашчыка яго абвінавачваюць лукашэнкаўскія сілавікі. Лічыцца, што падпалкоўнік займаўся зборам інфармацыі і аналітычнай работай у камандзе.

У верасні 2022‑га Лукашэнка сваім указам пазбавіў Дзмітрыя Зару звання. 

Калі ж свайго роду штаб Сахашчыка спыніў дзейнасць, а сам ён адышоў ад палітыкі, Зара працягваў займацца ўсё тым жа — вышыннымі работамі і падрыхтоўкай ахвотных да скачкоў з парашутам.

Але ў пачатку 2026 года Зара, які жыў Польшчы адзін, раптоўна знік. Як стала вядома «Нашай Ніве», неўзабаве ён апынуўся ў СІЗА КДБ, дзе сутыкнуўся з катаваннямі.

Галоўнае пытанне — а як Зара ўвогуле трапіў у Беларусь? Адказу на яго няма, але цэнтральнай версіяй трэба разглядаць тое, што мужчына вярнуўся ў Беларусь сам.

Апошні год перад вяртаннем у Беларусь Дзмітрый Зара спрабаваў легалізавацца ў Польшчы і атрымаць палітычны прытулак. Магчыма, беспаспяхова.

Адначасова з гэтым ён стаў весці свой інстаграм вельмі спецыфічна, калі не сказаць, што па-вар'яцку. Пра гэтым, градус вар'яцтва нарастаў штомесяц.

Зара публікаваў мноства бессувязных паведамленняў штодзень, карыстаўся шыфрамі і няіснымі словамі, цытаваў Біблію, кіраваўся «энергіямі вышэйшага парадку» і гэтак далей. Прызначыў сябе генералам і выдаваў дэкрэты на «ўжыванне боскіх сілаў», якія даводзіў да членаў сваёй сям'і, якія засталіся ў Беларусі. 

З дзецьмі Дзмітрый быў на пастаяннай відэасувязі. Жонка тэгала яго на сваіх фота, будучы ў Беларусі. Імаверна, ён таксама бачыўся з сям'ёй летам 2025‑га ў трэцяй краіне. 

Зара аб'ядноўваў сябе і сваю сям'ю ў нейкае падабенства рэлігійнай секты з назвай G-13 (Gate-13, Брама/Вароты-13). А таксама шукаў асабістага памочніка, які будзе дапамагаць яму распаўсюджваць інфармацыю пра Gate-13, каб аб'ядноўваць іншых людзей, якія хочуць накіроўваць «да Бога, да Алаха» энергію ўверх паводле алгарытмаў. 

3 лютага 2026 года Дзмітрый Зара апублікаваў у сацсетках блытаны допіс пра самаахвярнасць Ісуса Хрыста. Гэта стала яго апошнім паведамленнем у інстаграме. Хутчэй за ўсё, адразу ўслед за гэтым Зара вярнуўся ў Беларусь.

Дзмітрый Зара. Фота: instagram.com/zoryadmitry

«Наша Ніва» звязалася з Валерыем Сахашчыкам, ён не стаў каментаваць сітуацыю.

* * *

Былы камандзір берасцейскіх дэсантнікаў Валерый Сахашчык стаў «міністрам абароны» ў Аб'яднаным пераходным кабінеце ў 2022 годзе, спрабаваў стварыць беларускае падраздзяленне ва Украіне.

* * *

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Адбыліся масавыя народныя пратэсты супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў. На гэта ўлады адказалі рэпрэсіямі.

Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10050 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) закранулі сотні тысяч беларусаў. 

«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула