З псіхдыспансера збег былы начальнік Ганцавіцкай міліцыі
Яго шукалі міліцыя і ратавальнікі.
Былы начальнік Ганцавіцкага РАУС Віталь Куляшоў учора самавольна сышоў з Баранавіцкага псіханеўралагічнага дыспансера. У Ганцавіцкім раёне, ды і не толькі, былы начальнік раённай міліцыі вядомы. Ён атрымаў вядомасць дзякуючы сваёй фразе пры затрыманні журналістаў: «Выключы гэтую х…ню, а то заўтра з працы павыганяюць», піша «Ганцавіцкі час».
Раённы аддзел міліцыі Куляшоў узначаліў у верасні 2019 года, маючы за плячыма амаль два дзесяцігоддзі службы ў органах унутраных спраў і ў першых інтэрв'ю разважаў аб прынцыпах службы.
А потым наступіў 2020 год, і размовы аб прынцыпах атрымалі практычную праверку.
20 чэрвеня 2020 года ў цэнтры Ганцавічаў міліцыя затрымлівала ўдзельнікаў «ланцуга салідарнасці». Разам з імі затрымалі журналістаў газеты, якія вялі прамую трансляцыю. Віталь Куляшоў пасля сам пацвердзіў у судзе, што ўдзельнічаў у затрыманні.
Затрыманне ў Ганцавічах 20 чэрвеня 2020 года
Менавіта адтуль пайшла знакамітая гісторыя з камерай і фраза Куляшова, якая ў інтэрнэце стала мемам: «Выключы гэтую х…ню, а то заўтра з працы павыганяюць». Падобна на тое, камера тады сапраўды была самым нязручным сведкам.
Маці аднаго з затрыманых у тыя дні распавядала, што медыкі пазней зафіксавалі ў сына цялесныя пашкоджанні.
Улетку 2021 года міліцэйская кар'ера Куляшова нечакана абарвалася.
Перад сыходам Куляшова, як піша выданне, пытанні паўсталі не да яго палітычнай лаяльнасці, а да куды больш прыземленых рэчаў: асобных фінансавых аперацыяй, размеркавання прэмій і распараджэння маёмасцю РАУС.
Пазней у жыцці былога начальніка РАУС адбыўся цяжкі крызісны эпізод — спроба суіцыду, пасля якога яму спатрэбілася псіхіятрычная дапамога.
У выніку ён аказаўся ў псіхдыспансеры, адкуль учора сышоў. Яго шукалі міліцыя і ратавальнікі. Сёння знайшлі.