БЕЛ Ł РУС

У Мінску адкрылі зарадны дыскаўнтар для электрамабіляў

17.09.2026 / 13:27

Nashaniva.com

На вуліцы Сямашкі ў Мінску з'явіўся зарадны дыскаўнтар для электракараў. Яго адкрыла буйная сетка Zaryadka.

Фота: Zaryadka

Разынка дыскаўнтара ў тым, што кошт зарадкі тут амаль на 30% ніжэйшы за звычайны — 48 капеек за кВт·г, піша Office Life.

Зарадны дыскаўнтар знаходзіцца на тэрыторыі 9‑й клінічнай бальніцы, але са свабодным заездам для ўсіх ахвотных.

Новы хаб разнеслі на дзве лакацыі: першая размешчаная ля будынка 10‑га корпуса побач з дарогай, а другая — побач з 20‑м корпусам за галоўным будынкам.

Усяго ў дыскаўнтар уваходзяць чатыры зарадныя станцыі. Так, у 10‑га корпуса абсталяваная хуткая станцыя магутнасцю 160 кВт і адна менш «паспешлівая» — на 40 кВт. Побач з 20‑м корпусам бальніцы ўстаноўленыя дзве ЭЗС на 40 кВт кожная.

Ільготныя тарыфы ў зарадным хабе прадстаўнікі сеткі тлумачаць сацыяльнай місіяй — выказаць падзяку медработнікам і падтрымаць пацыентаў.

Для кампаніі гэта ўжо другі зарадны дыскаўнтар, але першы ў межах МКАД. Першы з іх з'явіўся ў маі ў прамзоне «Шабаны».

Усяго ж у сеткі каля 100 станцый па ўсёй Беларусі з найбольшай канцэнтрацыяй у Мінску. Адзін з найбуйнейшых праектаў — мегахаб у гандлёва-забаўляльным цэнтры Galleria Minsk. А ў пачатку верасня кампанія адкрыла буйны зарадны хаб у сталічным жылым комплексе «Мінск-Свет».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула