Канада можа стаць першым асацыяваным членам Еўрасаюза
Кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен прапанавала стварыць для Канады новы фармат адносіна з ЕС — асацыяванае членства.
Прэм'ер-міністр Канады Марк Карні. Фота: Sean Kilpatrick / The Canadian Press
Выступаючы ў Еўрапарламенце са штогадовым зваротам, на якім прысутнічаў прэм'ер-міністр Канады Марк Карні, яна заявіла пра неабходнасць «тэрмінова пераасэнсаваць партнёрскія адносіны», піша Bild.
Па словах фон дэр Ляен, ЕС і Канада павінны больш цесна супрацоўнічаць у вытворчасці, тэхналогіях, абароне, энергетыцы, штучным інтэлекце і пастаўках крытычна важных рэсурсаў. «Мы падзяляем адны і тыя ж каштоўнасці, у нас адзін погляд на свет», — падкрэсліла кіраўнік ЕК.
Пры гэтым гаворка не ідзе пра паўнавартаснае ўступленне Канады ў ЕС.
«Карні раней казаў, што Атава імкнецца да «ўнікальнага альянсу» з Еўропай, а не да сяброўства ў Еўрасаюзе. Канкрэтныя правы і абавязкі новага фармату пакуль не вызначаныя. Перамовы плануецца працягнуць на саміце ЕС — Канада ў Манрэалі ў кастрычніку.
Статус Канады як новага стратэгічнага суперпартнёра таксама можа паслужыць сігналам прэзідэнту ЗША Дональду Трампу і яго жорсткай палітыцы ў сферы мытаў і эканомікі.
Канада — другая па памеры тэрыторыі краіна свету. Яна валодае вялікімі і яшчэ не да канца разведанымі запасамі карысных выкапняў. Раней эканамічна і палітычна яна была цесна звязаная з ЗША, але пасля ціску адміністрацыі Трампа і заклікаў апошняга далучыць Канаду да ЗША ўзяла курс на забеспячэнне стратэгічнага балансу, які б гарантаваў незалежнасць.