Лукашэнка: Гэта фэйк, што мы саджаем у два разы болей палітвязняў, чым выпускаем
Ён чарговы раз заявіў, што нібыта ніякіх палітвязняў у Беларусі няма, піша БелТА.
«Джон, і яшчэ адна заўвага. Вельмі шмат размоў было перад нашай з вамі тут сустрэчай наконт вызвалення, як вы іх называеце, палітвязняў. Хаця я яшчэ раз заклікаю вас да таго, каб мы не ўводзілі сябе ў зман. Ніякіх палітвязняў у Беларусі няма, бо няма такога артыкула ў нашым заканадаўстве. Але пра гэта вельмі шмат гавораць: пра вызваленне людзей, якія (вы як юрыст, адвакат гэта выдатна разумееце) паводле закона знаходзяцца пад следствам або ў папраўча-працоўных калоніях», — сказаў Лукашэнка.
«Я падводжу вас да галоўнай тэмы. Нашы ўцекачы раскручваюць тэму на Захадзе і вас, адчуваю, паводле маіх звестак, пераканалі ў тым, што мы кагосьці тут адпускаем, але, працягваючы рэпрэсіі, на гэтае месца ўдвая больш затрымліваем людзей. Я хачу публічна вам сказаць, што гэта абсалютная няпраўда», — сказаў Лукашэнка.
Паводле падлікаў «Вясны», зараз у зняволенні знаходзіцца 912 палітвязняў, акурат сёння праваабаронцы прызналі такімі 11 чалавек.
Апошняе масавае вызваленне палітвязняў адбылося ў сакавіку 2026 года. Тады выйшлі на свабоду 250 чалавек. За наступныя паўгода статус палітвязня атрымалі яшчэ 224 чалавекі.