БЕЛ Ł РУС

Чыноўнікі адрэагавалі на дзікую гісторыю пра роды ў Мінску — парушэнняў яны не знайшлі

15.09.2026 / 15:38

Міра Нікановіч

Сотні тысяч праглядаў атрымала гісторыя беларускі, якая скардзілася на парушэнні падчас родаў у 5‑й мінскай радзільні. Цяпер камісія, што мусіла расследаваць той выпадак, даслала жанчыне адказ — паводле яго, вінаватых няма.

Фота: roddom5.minsk / Instagram

Беларуска пад нікам annasooliate апублікавала сваю гісторыю 28 жніўня. Ганна расказала, што 18 красавіка яна нарадзіла ў 5‑й мінскай радзільні дзіця, і падзялілася складанасцямі падчас родаў.

Паводле яе слоў, медыкі памылкова занізілі вагу дзіцяці, праз што адмовілі жанчыне ў кесаравым сячэнні, адмовілі ёй у паўнавартаснай анэстэзіі і ціснулі на яе, каб атрымаць згоду на медыцынскую маніпуляцыю — амніятамію (пракол плоднага пухіра). Жанчына нарадзіла сама, але роды былі складаныя. Пасля выпіскі ў Ганны знайшлі інфекцыю мочапалавых шляхоў і праблемы са швамі.

У камітэце аховы здароўя Мінгарвыканкама стварылі камісію, каб разабрацца ў гісторыі Ганны. Цяпер жанчыне даслалі адказ.

Паводле таго адказу, Ганну шпіталізавалі ў радзільню, калі яна перанасіла дзіця на 12 дзён. Пры гэтым сама Ганна сцвярджае, што ніякага пераношвання не было, і дактары ў радзільні проста самавольна памянялі тэрмін цяжарнасці. Праз пераношванне, пішуць у адказе, роды трэба было стымуляваць, інакш маглі б быць ускладненні.

Што да амніятаміі, то ў адказе нагадваюць, што Ганна дала пісьмовую згоду на маніпуляцыю. Але не сведчаць пра ціск, а пішуць пра «тлумачэнне доктарам магчымых рызыкаў пры адмове». Паводле тэксту адказу, у Ганны падчас выпіскі не было прыкметаў запаленчага працэсу. У сваім каментары жанчына звяртае ўвагу, што падчас выпіскі мела дрэнны аналіз крыві з высокімі паказчыкамі лейкацытаў і бактэрый, а потым у прыватным цэнтры ёй прызначылі экстраны курс антыбіётыкаў, бо знайшлі ў Ганны запаленчы інфільтрат.

У выніку, пішацца ў адказе, з жанчынай у радзільні абыходзіліся паводле клінічнага пратакола. Таксама чыноўнікі не выявілі фактаў парушэння медычнай этыкі ў бок Ганны, у тым ліку праз тое, што відэазапісы ў радзільні захоўваюцца толькі 30 дзён.

Сама Ганна не гатовая мірыцца з такім адказам. Жанчына плануе абскардзіць яго, а потым і звярнуцца ў пракуратуру.

Чытайце таксама:

«А чаму вы прыехалі? Думалі, нараджаць не балюча?» Беларуска расказала дзікую гісторыю пра свае роды

«Пакой маньяка»: Анатоль Васэрман паказаў свой кабінет з калекцыяй эратычных календароў і порна

Навукоўцы выявілі нечаканую прычыну праблем з сэксам у маладых мужчын

Каментары да артыкула