БЕЛ Ł РУС

Пачалося камандна-штабное вучэнне па прыкрыцці дзяржаўнай мяжы і забеспячэнні ваеннага становішча 

15.09.2026 / 09:19

Nashaniva.com

Тэма — «Кіраванне войскамі аператыўнага камандавання падчас стратэгічнай аперацыі Узброеных сіл».

Ілюстрацыйнае фота Мінабароны

З 15 па 18 верасня пад кіраўніцтвам начальніка Генштаба праводзіцца камандна-штабное вучэнне (КШВ) з Заходнім аператыўным камандаваннем. Яго тэма — «Кіраванне войскамі аператыўнага камандавання падчас стратэгічнай аперацыі Узброеных сіл», паведамляе Мінабароны ў сваім тэлеграм-канале.

Галоўная мэта — навучанне органаў кіравання, злучэнняў і воінскіх часцей аператыўнага камандавання сумеснаму вырашэнню задач падчас падрыхтоўкі і вядзення стратэгічнай аперацыі Узброеных сіл.

Мінабароны паведамляе, што вучэнне праводзіцца ў адпаведнасці з Планам падрыхтоўкі Узброеных сіл у 2025/2026 навучальным годзе, мае выключна абарончы характар і накіравана, у тым ліку, на павышэнне здольнасці войскаў абараніць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы.

Падчас КШВ будуць адпрацаваныя пытанні кіравання групоўкай войскаў (сіл) падчас прыкрыцця дзяржаўнай мяжы, забеспячэння ваеннага становішча, у тым ліку пошуку, блакавання і знішчэння дыверсійна-разведвальных груп праціўніка і незаконных узброеных фарміраванняў, а таксама вядзення барацьбы з лёгкаматорнай авіяцыяй і беспілотнымі лятальнымі апаратамі праціўніка.

Практычныя дзеянні войскаў аператыўнага аб'яднання пройдуць на палігонах «Гожскі», «Брэсцкі» і «Ружанскі», а таксама на ўчастках мясцовасці на тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула