«Спадзяюся на цуд, магчыма, памылка». Бацька хакейнага суддзі пра сына, якога падазраюць у забойстве цяжарнай жанчыны
«Аляксей затрыманы, абвінавачванні пакуль не выстаўленыя, вядзецца следства», — пацвердзіў Аляксандр Гаўрылёнак.
Аляксей Гаўрылёнак
Экс-галкіпер зборнай Беларусі па хакеі Аляксандр Гаўрылёнак пацвердзіў Betting.team, што ягоны сын, хакейны суддзя Аляксей Гаўрылёнак, затрыманы паводле падазрэння ў забойстве 43‑гадовай Таццяны Марцішчанка.
«Я пакуль ведаю не больш за вашага, знаходжуся не ў Мінску, чытаю навіны ў інтэрнэце. Так, Аляксей затрыманы, абвінавачванні пакуль не выстаўленыя, вядзецца следства. Спадзяюся на нейкі цуд, магчыма, памылка ці нешта яшчэ… як сябе можна адчуваць сябе ў такой сітуацыі? Зразумейце самі — вельмі дрэнна», — сказаў Аляксандр Гаўрылёнак.
Пра забойства жанчыны стала вядома 11 верасня — яе шукалі з 8 верасня. Паведамленне аб знікненні ў міліцыю паступіла ад дачкі Марцішчанка. На працягу сутак падазраванага ўстанавілі і затрымалі, па факце забойства заведзеная крымінальная справа.
Па даных следства, падазраваны прызнаўся, што знаходзіўся з загінулай у блізкіх адносінах і ведаў пра яе цяжарнасць ад яго — пры гэтым афіцыйна быў у іншых адносінах, з-за чаго паміж ім і загінулай рэгулярна ўзнікалі канфлікты. Сцвярджаецца, што падчас чарговай сваркі ён некалькі разоў ударыў жанчыну нажом, паклаў цела ў сумку, вывез за горад і закапаў у лесе ў Мінскім раёне.
Чытайце таксама:
Па падазрэнні ў забойстве цяжарнай мінчанкі затрымалі хакейнага суддзю Аляксея Гаўрылёнка
Што вядома пра хакейнага суддзю, затрыманага па падазрэнні ў забойстве цяжарнай мінчанкі