Капітан лонданскай футбольнай каманды стаў каралём ва Угандзе
36‑гадовы Джордж Дэсмонд Камурасі, брамнік і капітан аматарскай футбольнай каманды Сі-Донс з паўднёва-ўсходняга Лондана, стаў новым каралём народа Тора ва Угандзе, паведамляе The Telegraph.
Джордж Камурасі. Фота: vanguardngr.com
На працягу кар’еры Камурасі, які нарадзіўся і вырас у Вялікабрытаніі, гуляў за паўпрафесійныя і аматарскія англійскія клубы Херн-Бэй, Кройдан і Эшфард Юнайтэд. Цяпер ён выступае за Сі-Донс, якая гуляе ў дзявятым дывізіёне Англіі.
Новым амукамай — каралём Тора — Камурасі абралі пасля смерці яго стрыечнага брата Ойа Ньімбы Кабамбы Ігуру Рукiдзі IV. Той памёр 27 жніўня пасля лячэння ад анкалагічнага захворвання, а ўзначаліў каралеўства яшчэ ў 1995 годзе, калі яму было ўсяго тры гады.
Камітэт па каралеўскай спадчыне, які складаецца з 21 чалавека, ужо прыняў рашэнне адносна новага кіраўніка. Афіцыйна пра яго абранне павінны абвясціць на наступным тыдні.
Новы статус не прымусіў Камурасі адмовіцца ад футбола. Нядаўна ён дапамог Сі-Донс паспяхова дэбютаваць у Кубку Англіі і выйсці ў другі кваліфікацыйны раўнд, дзе каманда перамагла каманду «Эрыт Таун» з лікам 2:0.
Каралеўства Тора знаходзіцца на захадзе Уганды і з'яўляецца адным з чатырох традыцыйных каралеўстваў краіны. Пасада амукамы сёння мае пераважна культурнае, а не палітычнае значэнне.
Чытайце таксама:
Адна з афрыканскіх краін ірвецца дапамагчы Ізраілю ў Іране
У найстарэйшым нацыянальным парку Афрыкі нарадзілася пара сімпатычных рэдкіх горных гарыл
Нідэрланды пайшлі па шляху Трампа — плануюць высылаць мігрантаў ва Уганду